Пошук

15.11.2021 10:53   Catholic.by
Фота Уладзіслава Беладзеда

14 лістапада, у 33-ю нядзелю Звычайнага літургічнага перыяду, ужо ў пяты раз па ініцыятыве Папы Францішка ў Касцёле адзначаўся Сусветны дзень бедных.

У гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой разам са святарамі і Божым народам маліўся ў інтэнцыі людзей патрабуючых і за тых, хто ім можа прыйсці з дапамогай.

Ініцыятыва аб устанаўленні асаблівага дня малітвы і канкрэтнай дапамогі бедным паходзіць ад Папы Францішка, які ў сваім вучэнні не раз падкрэсліваў, што менавіта бедныя знаходзяцца ў цэнтры Евангелля. Хто хоча асабіста ўбачыць Езуса і дакрануцца да Яго, няхай звяртаецца ў бок чалавека беднага: бедныя — гэта сакрамэнт Хрыста: яны прадстаўляюць Яго і кіруюць да Яго.

Арцыбіскуп следам за Пантыфікам нагадаў і патлумачыў, што той, «хто не прымае бедных, здраджвае вучэнню Езуса і не можа быць Яго вучнем», бо бедныя знаходзяцца ў цэнтры шляху Касцёла. Святы евангеліст Марк піша: «Убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Мк 14, 7).

«Трэба іх шукаць там, дзе яны знаходзяцца штодня: на вуліцы, у вязніцы, у шпіталі, у дамах для састарэлых, а нават і ў іх уласных дамах. Часам ім патрэбна толькі наша прысутнасць, не столькі нават нейкая матэрыяльная дапамога. Часам яны маюць што з’есці, але не маюць з кім падзяліць час пасілка: ім патрэбна прысутнасць чалавека. Выкарыстай гэты шанц, дадзены нам ад Бога, стань анёлам прысутнасці пры патрабуючым», — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп.

Цытуючы Папу Францішка, іерарх дадаў: «Уся дзейнасць Збаўцы пацвярджае, што беднасць — гэта не наканаванне лёсу, а канкрэтны знак Яго прысутнасці сярод людзей. Больш за тое, „бедныя з’яўляюцца сапраўднымі евангелізатарамі“, таму што яны дазваляюць нам па-новаму адкрываць сапраўдныя рысы аблічча Нябеснага Айца».

«„Шчаслівыя галодныя і прагнучыя — Шчаслівыя міласэрныя“ (пар. Мц 5, 6–7). Мае дарагія, памятайма, што той, „хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй“ (Мц 10, 42) — завяршыў сваю гамілію словамі Святога Пісання арцыбіскуп Станеўскі.

Абноўлена 15.11.2021 12:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.