31 кастрычніка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. Эўхарыстыя транслявалася мясцовым тэлебачаннем Гродна Плюс.
Як паведамляе Grodnensis.by, разважаючы над літургіяй слова на 31-ю звычайную нядзелю, іерарх казаў у гаміліі пра любоў да Пана Бога і іншага чалавека. Ён адзначыў, што сёння нялёгка любіць Створцу і быць Яму верным, а таксама любіць іншага чалавека, які не заўсёды да нас добры.
Але, як падкрэсліў арцыбіскуп, калі Езус ставіць перад чалавекам такія патрабаванні, гэта рэальна: дастаткова толькі старацца жыць паводле Божага законy і хацець так жыць, a ў кожным сустрэтым чалавеку бачыць свайго брата і сястру.
На заканчэнне Імшы віншаванні з нагоды нядаўніх імянінаў арцыбіскупу выказалі наймалодшыя парафіяне.
Дзеці ад усяго сэрца пажадалі іерарху, каб ён і далей у моцы слова абвяшчаў Евангелле і быў святлом Хрыста ў сённяшнім секулярызаваным свеце.