Пошук

21.10.2021 12:14   Паводле: Grodnensis.by

19 кастрычніка ў Слоніме прайшло пахаванне спачылай сястры Станіславы Ушакевіч з Трэцяга рэгулярнага ордэна святога Францішка Асізскага (бэрнардынкі).

Як паведамляе Grodnensis.by, сястра Станіслава нарадзілася ў Дэвергах на Іўеўшчыне, паходзіла з парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках (Івейскі дэканат). Адышла ў вечнасць ва ўзросце 88 гадоў.

У слонімскім касцёле святога апостала Андрэя на малітве пры труне спачылай сабраліся сёстры з супольнасці бэрнардынак, браты капуцыны і мясцовыя вернікі, каб падзякаваць Пану за дар яе жыцця і папрасіць Божай міласэрнасці для яе душы.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў словы спачування законнай сям’і, да якой належала памерлая сястра Станіслава.

Гамілію прамовіў дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap, які распавёў пра жыццёвы шлях спачылай законніцы.

Святар падкрэсліў, што сястра Станіслава вызначалася вялікай пакорай і застанецца ў сэрцах тых, хто яе ведаў, як сціплая і пабожная асоба.

Па словах брата капуцына, сястра была заўсёды адданай Богу, поўнай энергіі і духоўнага дынамізму, а свой крыж ахвяроўвала ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, за святы Касцёл, за парафію ў Слоніме і Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, прадстаўнікі якога там служаць.

Пасля заканчэння Імшы пробашч парафіі брат Юрый Катовіч OFMCap узначаліў у касцёле абрад развітання са спачылай. Потым у атмасферы малітвы і засяроджанасці труну з целам сястры праводзілі на мясцовыя могілкі, дзе адбылося пахаванне.

Абноўлена 21.10.2021 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.