У кастрычніку — месяцы, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ружанцовай малітве, — беларускія дзеці зноў далучацца да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца Ружанец», арганізаванай Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
Малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка ў 18.00. На партале Catholic.by плануецца арганізаваць прамую трансляцыяю і тэлемост, які з’яднае маленькіх католікаў усёй краіны ў супольнай малітве.
Як паведамляе Grodnensis.by, у Гродзенскай дыяцэзіі цэнтрам правядзення акцыі стане катэдральная базыліка святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, а адказны за яе арганізацыю — вікарый тутэйшай парафіі ксёндз Яўген Амасёнак.
Паводле святара, у Гродзенскай дыяцэзіі ўжо амаль дзве тысячы дзяцей выказалі ахвоту памаліцца Ружанец разам з усім светам.
У межах падрыхтоўкі да акцыі хлопчыкам і дзяўчынкам прапануецца паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе ружанцаў, а пасля падараваць самастойна зроблены ружанец іншаму дзіцяці. Ад арганізатараў акцыі кожны ўдзельнік атрымае марыйныя ружанцовыя налепкі.
«Я бачу, што дзеці сапраўды разумеюць, што адбываецца ў свеце: што людзі пакутуюць ад пандэміі; што ёсць тыя, хто галадае; што ёсць войны і крызісы. І яшчэ яны разумеюць, што калі хтосьці пакрыўджаны, трэба прасіць у Бога аб дапамозе для гэтага чалавека. Таму, канечне, ім цікава атрымаць падарункі, але яны сапраўды аб’яднаны мэтай — разам прасіць аб супакоі і адзінстве», — лічыць ксёндз Яўген Амасёнак.