Зварот біскупа Казіміра Велікасельца OР,
Апостальскага Адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,
аб малітоўнай падтрымцы
новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Паважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі!
У межах малітоўнай падтрымкі новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, афіцыйнае ўступленне на пасаду якога адбудзецца 23 кастрычніка 2021 года ў мінскай архікатэдры, заклікаю з 14 па 22 кастрычніка 2021 года правесці ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Навэнну да святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Прашу далучыць адмысловыя малітвы да святога Юзафа да ружанцовага набажэнства, якое адбываецца ў гэтым месяцы ў нашых парафіях і сем’ях.
Падтрымаем гэтую справу нашай супольнай або індывідуальнай дзевяцідзённай малітвай — Навэннай да святога Юзафа, год якога адзначаем сёлета ў Каталіцкім касцёле.
З пастырскім благаслаўленнем і просьбай аб заступніцтве святога Юзафа,
Біскуп Казімір Велікасельц OР
Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Мінск, 12 кастрычніка 2021 г.