Пошук

08.10.2021 12:32   Паводле: Varnyany.www.by / Фота: Varnyany.www.by / Catholic.by

7 кастрычніка ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, якая прайшла з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

У многіх парафіях даўняга Віленскага краю захавалася традыцыя асаблівага ўшанавання Маці Божай Ружанцовай, што стала тыповай рысай народнай пабожнасці тутэйшай каталіцкай супольнасці.

У варнянскім касцёле, як і ў многіх іншых святынях, вернікі з пакалення ў пакаленне ўзносілі свае малітвы да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі перад абразом Маці Божай Ружанцовай.

Як паведамляецца на сайце варнянскай парафіі Varnyany.www.by, сёлетняя ўрачыстасць таксама распачалася з супольнай малітвы на ружанцы. Пасля Ружанца адбылося завяршэнне навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Штодня на працягу апошніх дзевяці дзён вернікі парафіі ў малітве праслаўлялі Найсвяцейшую Панну Марыю Ружанцовую, узносілі да Яе просьбы аб здароўі для сваіх сем’яў і дзякавалі Богу за дар Марыі ў сваім жыцці.

Завяршыўшы навэнну, пробашч варнянскай парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі, вернікі і прысутныя святары перад уваходам у касцёл сустрэлі Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

У межах адпустовай урачыстасці адбылася важная для 250-гадовай варнянскай святыні і тутэйшай супольнасці вернікаў падзея: былі пасвячаны нядаўна адноўленыя ў святыні алтар, амбон, балюстрады і месца цэлебранта.

У прамоўленым Божым слове біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што Ружанец — гэта любімая малітва Маці Божай, а таксама прывёў сведчанні, якія з’яўляюцца доказамі надзвычайнай моцы і плённасці гэтага набажэнства. Прыстуныя, між іншым, даведаліся пра акцёра Джэймса Кэвізела, які выканаў роль Хрыста ў мастацкім фільме «Пакуты Хрыстовы»; пра адданасць гэтага чалавека малітве на ружанцы, якая дапамагла яму ўжыцца ў ролю, адчуць кожны момант пакутаў, бічавання, укрыжавання.

«Дзякуючы малітве на ружанцы Маці Божая вядзе чалавека далей, чым ён можа сабе ўявіць», — сцвердзіў іерарх, дадаўшы, што «кішэня католіка без ружанца — як кашалёк без грошай».

«Таму кожны веруючы чалавек — не важна, мужчына ці жанчына, — павінен у сваёй кішэні мець ружанец, каб у любы момант мець магчымасць яго дастаць і памаліцца», — лічыць біскуп Яшэўскі.

Пасля Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

На заканчэнне цэлебрацыі пробашч парафіі выказаў усім удзячнасць за дар супольнай малітвы, а таксама разам з прадстаўнікамі парафіяльнай рады падзякаваў біскупу Яшэўскаму за разам перажытую ўрачыстасць.

Абноўлена 08.10.2021 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа