Пошук

07.10.2021 17:35   Catholic.by

Дарагія вернікі, паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!

Увесь свет і нашае грамадства перажываюць не найлепшыя часы сваёй гісторыі. Лакальныя канфлікты, эпідэмія каранавірусу і грамадска-палітычная напружанасць з’яўляюцца выклікамі сучаснасці. Такая сітуацыя пабуджае да больш уважлівага стаўлення не толькі да свайго асабістага жыцця, але і да жыцця нашых блізкіх.

Для веруючага чалавека няма безвыходных сітуацый, і тым моцным сродкам, які вера дае ў нашыя рукі, з’яўляецца малітва. Яна таксама з’яўляецца адным са спосабаў праяўлення любові да нашых бліжніх.

Яшчэ адной добрай нагодай для таго, каб ахапіць малітоўнай памяццю найбольш дарагіх нам людзей, стане Дзень маці, які ў нашай краіне будзе адзначацца 14 кастрычніка.

Вядома, клопат пра нашых бацькоў, асабліва калі яны ўжо ў старэйшым узросце, павінен быць няспынным, аднак варта выкарыстоўваць кожную нагоду, каб прынамсі малітоўна падтрымаць тых, дзякуючы каму мы атрымалі жыццё, хто клапаціўся пра нас, калі мы толькі распачыналі свой жыццёвы шлях, хто перадаў нам веру і паказаў шлях да Бога. Гэта нашыя бацькі, і асабліва маці.

Таму прапануем у дзень 14 кастрычніка падчас кожнай святой Імшы дадаць інтэнцыю за нашых матуль: як жывых, так і тых, хто ўжо адышоў у вечнасць. Асаблівым чынам заахвочваем да малітвы за маці, якія яшчэ толькі носяць пад сэрцам новае жыццё, каб цанілі яго як найбольшы Божы дар.

Жадаем усім Божага благаслаўлення і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай нябеснай Маці.

Каталіцкія біскупы Беларусі

Мінск, 7 кастрычніка 2021 года, ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай

Гэты зварот шаноўным святарам належыць прачытаць падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 10 кастрычніка.

Абноўлена 08.10.2021 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа