
14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіроўвае віншаванні ўсім маці, дзякуе ім за дар жыцця, любоў і малітву.
Дарагія нашы матулі!
«Дзякуй Богу за вас!» — менавіта гэтымі словамі хочацца пачаць сённяшняе віншаванне з вашым святам, бо кожнае мацярынства нагадвае нам пра дар жыцця, які чалавек атрымлівае ад Бога і пакліканы берагчы з пашанай.
Мама — гэта любоў, якая застаецца з чалавекам назаўсёды, бо ўсе мы ведаем, што нашыя матулі любяць нас нягледзячы на нашыя недахопы, не чакаючы ад нас словаў падзякі і прабачаючы тое, што мы часам забываем нават патэлефанаваць ім.
Святое Пісанне адкрывае нам розныя абліччы мацярынскай любові. Перадусім гэта Найсвяцейшая Панна Марыя, якая з даверам прыняла Божую волю і стала Маці Збаўцы (пар. Лк 1, 26-38).
Успомнім таксама Альжбету, якая з радасцю сустрэла Марыю і распазнала ў Ёй благаслаўленне Пана (Лк 1, 39-56). Гэтая сустрэча нагадвае, наколькі важна, каб жанчыны падтрымлівалі адна адну, дзяліліся радасцю і трывогамі.
Пра мацярынскую любоў сведчыць і Ганна, маці Самуэля, гісторыя якой (1 Сам 1, 1-20) нагадвае, што выхаванне дзіцяці — гэта не толькі клопат, але і адказнасць за тое, якім чалавекам яно стане.
Любыя матулі! Усё гэта мы бачым і ў вашым штодзённым жыцці: у працы, якая часта застаецца незаўважанай, у малітвах, пра якія ведае толькі Бог, у мужнасці перад выпрабаваннямі і ў радасці, якой вы дзеліцеся з блізкімі.
Ваша любоў не заўсёды выяўляецца ў вялікіх учынках. Часам гэта своечасовае слова, цярплівае маўчанне, працягнутая рука або малітва за дзіця, якое ўжо даўно стала дарослым.
У гэты святочны дзень выказваю вам падзяку за вашыя самаадданасць, усмешкі і за спагадлівыя сэрцы. Жадаю вам моцнага здароўя, душэўнага супакою, радасці ад дзяцей і ўнукаў, а найперш — адчування, што ваша любоў патрэбная і каштоўная. Няхай добрыя словы і ўдзячнасць гучаць у вашых дамах не толькі сёння, але і заўсёды.
Давяраю вас усіх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі — Маці Езуса і нашай Нябеснай Маці. Няхай Яна падтрымлівае вас і выпрошвае для вашых сем’яў ласку веры, згоды і ўзаемнай любові.
Божага благаслаўлення вам і вашым сем’ям!
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
7 кастрычніка 2026 г.
ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай






