Кастрычнік — месяц, традыцыйна прысвечаны ў Касцёле Божай Маці Ружанцовай, і цэнтральнае месца ў кастрычніцкім нумары часопіса «Ave Maria» займае тэма ружанцовай малітвы.
Сёлета дадалася яшчэ адна цудоўная нагода ўшанаваць Божую Маці: зусім нядаўна ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, прайшлі ўрачыстасці з нагоды 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і ў знак падзякі за 30-годдзе адраджэння касцёльных структур у Беларусі.
Вокладку дзясятага нумара «Ave Maria» упрыгожвае аблічча Марыі са старадаўняга спіса цудадзейнага абраза і тэкст Акту прысвячэння Маці Божай Бялыніцкай, Каралеве Беларусі, які быў прачытаны на ўрачыстасці новапрызначаным Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
У гэтым нумары распачынаецца серыя артыкулаў з гісторыі ружанцовай малітвы, падрыхтаваная супрацоўніцай рэдакцыі Вольгай Адамовіч.
Чытачам прапануецца паразважаць над таямніцаю Ружанца разам з Янам Паўлам ІІ: у часопісе друкуюцца ўрыўкі з апостальскага ліста святога Папы Rosarium Virginis Mariæ у перакладзе Крыстыны Лялько.
У кастрычніку публікуецца працяг разважанняў над дарамі Духа Святога: дарамі умеласці, мужнасці, пабожнасці і боязі Божай.
Разважанням на гэтую тэму прысвечаны матэрыялы пастаянных рубрык часопіса «Школа малітвы» і «Святар адказвае на пытанне»: ксёндз Андрэй Рылка і айцец Юрый Кулай OCD прадстаўляюць у іх дары ўмеласці і мужнасці.
Неаспрэчным прыкладам Боскага дару мужнасці сталі ў часы Другой сусветнай вайны благаслаўлёныя мучанікі, айцы францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэмпень з вёскі Баравікоўшчына, што на Міншчыне. Пра школу мучаніцтва і прыклад, які даюць нам мучанікі, распавядае ў сваім артыкуле айцец Яўген Голуб OFMConv.
У сваю чаргу, айцец Віктар Жук SІ тлумачыць чытачам, што такое боязь Божая і чым яна адрозніваецца ад страху. Гэтак жа пра боязь Божую і мужнасць разважаюць у сваіх эсэ пастаянныя аўтары Арцём Ткачук і Юлія Косава, а таксама ў серыі бліц-інтэрв’ю думкамі на гэты конт дзеляцца людзі творчасці і навукі, якія працяглы час супрацоўнічаюць з выдавецтвам «Pro Christo» і часопісамі «Ave Maria» і «Наша вера».
Немагчыма разважаць аб дары пабожнасці без жывога прыкладу веры.
Амаль у кожным нумары «Ave Maria» такія сведчанні рыхтуе для чытачоў Галіна Калевіч. Гэтым разам яна дзеліцца з імі гісторыяй пра цуд ружанцовай малітвы ў няпростым жыцці Кацярыны Рагіні з Паставаў.
Паэтычную рубрыку часопіса аздабляюць вершы Дануты Бічэль і Аксаны Ючкавіч.
Нарэшце, у кастрычніцкім нумары часопіса апублікаваны ліст вернікаў парафіі святога Антонія ў Слуцку, якія распавяюць пра гісторыю сваёй супольнасці і віншуюць з юбілеем свайго пробашча, айца Аляксея Рамановіча OFM.