Пошук

06.10.2021 10:52   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Фота: Міхал Майсей / Catholic.by

2 кастрычніка, у першую суботу месяца, які ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны малітве на ружанцы, у Магілёве прайшоў Пяты Ружанцовы кангрэс.

Папярэдні кангрэс летась быў віртуальным з-за санітарных абмежаванняў у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Сёлетні форум, прысвечаны Ружанцу, праходзіў у Магілёве пад дэвізам «Адплыві на глыбіню» (Лк 5, 4).

Яго арганізатарамі традыцыйна сталі айцы дамінікане, якія з даўніх часоў папулярызуюць ружанцовую пабожнасць у свеце, а ў якасці вядучага выступіў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Кульмінацыяй кангрэсу стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Разам з ім пры алтары старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Накйсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава маліліся біскуп Яшэўскі і больш за дзясятак святароў. У кангрэсе ўзялі ўдзел кансэкраваныя асобы, сярод якіх былі сёстры святога Дамініка, сёстры Марыі Успамогі (салезіянкі), сёстры місіянеркі Святой Сям’і, а таксама семінарысты падрыхтоўчага курса духоўнай семінарыі з Мінска на чале з духоўным айцом і вернікі з розных мясцін Беларусі.

Усяго сёлетні Ружанцовы кангрэс сабраў у горадзе на Дняпры каля 170-і ўдзельнікаў.

Гэты адзнадзённы форум працягваўся восем гадзін і акрамя святой Імшы і супольнай малітвы на ружанцы ўключаў у сябе чатыры даклады, прысвечаныя чатыром кнігам, якія ў падарунак атрымалі ўсе ўдзельнікі разам з заахвочваннем іх прачытаць і штосьці з іх зачэрпнуць для свайго жыцця.

Сястра Часлава Навіцкая, уршулянка з Мінска, у сваім дакладзе пазнаёміла ўдзельнікаў з асобай святой Уршулі Ледухоўскай і прадставіла біблійныя разважанні заснавальніцы законніцкай супольнасці уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, звязаныя з таямніцамі Ружанца і змешчанымі ў кнізе «Скарб любові».

Сястра Часлава падаравала гэтыя кнігі ўдзельнікам, а таксама прывезла на кангрэс для ўшанавання рэліквію святой Уршулі.

Маці пяцёх дзяцей Алена Валаховіч на падставе кнігі пра святых бацькоў святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса распавяла пра асноватворныя прынцыпы, якімі кіраваліся ў сваім жыцці Луі і Зэлі Мартэн, чые пяцёра дачок сталі законніцамі.

Айцец Павел Мажэйка, дамініканін, прадставіў кароткі змест кнігі айца Яцэка Варанецкага «Паўната малітвы». Гэты духоўны твор, у якім пададзены практычныя аспекты малітвы, да сённяшняга дня адыгрывае вялікую ролю ў фармаванні маладых дамінканаў і будзе карысны кожнаму, хто хоча паглыбіць сваё перажыванне супольнай і асабістай малітвы.

Айцец Раман Шульц, дамініканін, падзяліўся разважаннямі адносна адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, заахвоціўшы звярнуцца да кнігі святога Альфонса Марыі Лігуоры, прысвечанай наведванню Езуса ў табэрнакулюме. У гэтым творы пададзены вельмі прыгожыя разважанні заснавальніка супольнасці рэдэмптарыстаў і малітвы да Маці Божай.

Чатыры кнігі, прадстаўленыя ў дакладах выступоўцаў, кожны ўдзельнік кангрэсу атрымаў у якасці падарунку, а ўсе ахвотныя могуць набыць іх у кнігарні выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».

На форуме быў час на пытанні дакладчыкам, а таксама на асабістыя сведчанні пра ролю ружанцовай малітвы ў жыцці ўдзельнікаў. Тут жа можна было пазнаёміцца з дзейнасцю касцёльных рухаў і СМІ, а група ахвярных валанцёраў прыгатавала для ўсіх смачны абед.

На заканчэнне да ўдзельнікаў кангрэсу звярнуўся яго галоўны арганізатар айцец Раман Шульц ОР.

Святар заахвоціў іх, па магчымасці, стварыць у сваіх парафіях новую супольнасць жывога Ружанца або арганізаваць вернікаў на штодзённую адарацыю Езуса ў Эўхарыстыі.

Айцец Раман папрасіў прысутных маліцца ў інтэнцыі чарговага Ружанцовага кангрэсу, які з Божай дапамогай плануецца правесці ў наступным годзе. Ад імя арганізатараў дамініканін шчыра падзякаваў удзельнікам кангрэса і ўсім тым, хто прычыніўся да яго правядзення справай або малітоўнай ці матэрыяльнай падтрымкай.

Сваімі ўражаннямі ад сёлетняга Ружанцовага кангрэса з Catholic.by падзялілася магілёўская парафіянка Валянціна Бондар.

«„Наш кангрэс — свята душы“. Менавіта гэтай фразай, cказанай сястрой Чаславай Навіцкай, і я б акрэсліла свае ўражанні ад кангрэсу. З вялікай цікавасцю я паслухала даклад айца Паўла аб майстэрстве малітвы, якому прысвечана кніга айца Яцэка Варанецкага «Паўната малітвы». Мне гэта проста неабходна было пачуць!

Дзякуючы сястры Чаславе я пазнаёмілася са святой Уршуляй Ледухоўскай. Лічу, што яе духоўная спадчына — гэта сапраўдная скарбніца мудрасці і любові. Я пастараюся ісці за яе парадай „рыхтавацца да святой Імшы так, як быццам яна апошняя ў жыцці“. Пасля словаў сястры Чаславы «Прасіце сваіх дзяцей, каб маліліся за вас», успомніліся гісторыі з асабістага жыцця, якія пацвярджаюць дзейснасць дзіцячай малітвы.

Айцец Раман прадставіў цудоўную кнігу з залатой класікі духоўнай літаратуры „Наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту“. Мяне ўразіла, што гэтую кнігу пераклалі на беларускую мову адмыслова да пачатку кангрэса. У памяці засталіся многія моманты з пранікнёнай і вельмі вобразнай прамовы айца Рамана на прыкладзе ўласнага жыцця аб тым, які вялікі плён прыносіць адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Калі я пра гэта слухала, асабліва востра адчула сваю асабістую і нашу супольную адказнасць за будучыню нашых дзяцей.

Запомнілася жанчына з пытаннем, як крык душы: «Што сказаць сыну, каб ён паверыў у Бога?..» Благаславі, Божа, каб праз малітву і любоў маці сын яе атрымаў веру!

Гутаркі ў перапынках з цікавымі людзьмі, набыццё малітоўніка, шчодрыя падарункі (цудоўныя кнігі), смачны абед, добразычлівыя людзі вакол — усё гэта стварала атмасферу свята. Вялікі дзякуй арганізатарам кангрэсу і ўсім, хто ім дапамагаў», — кажа Валянціна Бондар.

 

Абноўлена 06.10.2021 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.