Пошук

14.09.2021 15:56   Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Падчас сустрэчы з духавенствам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая 14 верасня прайшла ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Антэ Ёзіч абвясціў аб прызначэнні новага арцыпастыра мясцовага Касцёла.

У сустрэчы бралі ўдзел Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец ОР, Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і каля трох дзясяткаў святароў з розных парафій архідыяцэзіі.

А 13-й гадзіне па мінскім часе (апоўдні па сярэднееўрапейскім) прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне паведаміў сабраным важную навіну.

Папа Францішак прызначыў новым арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага, які да гэтага часу з’яўляўся дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

З моманту выхаду на пенсію папярэдняга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча па дасягненні ім 75-гадовага ўзросту гэтая кафедра заставалася вакантнай, а пастырскае кіраванне архідыяцэзіяй часова ажыццяўляў Апостальскі адміністратар, якім быў прызначаны біскуп Казімір Велікаселец ОР.

Да моманту афіцыйнага ўступлення на пасаду новапрызначанага арцыбіскупа Апостальскі адміністратар працягвае выконваць свае функцыі.

Да гэтага часу ў Эўхарыстычнай малітве падчас Імшаў, якія цэлебруюцца на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, узгадваецца імя Апостальскага адміністратара біскупа Казіміра Велікасельца.

Абвясціўшы рашэнне Святога Айца, Апостальскі нунцый падзякаваў біскупу Казіміру Велікасельцу за служэнне, а таксама павіншаваў усіх святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў архідыяцэзіі з прызначэннем новага арцыбіскупа Мітрапаліта, адначасова заклікаўшы іх да павагі, супрацоўніцтва і паслухмянасці арцыпастыру. Пасля гэтага сабраным была прадстаўлена біяграфічная даведка пра новага арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага.

 

Абноўлена 14.09.2021 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.