Пошук

09.09.2021 15:05   Catholic.by
Фота: mfa.gov.by

У першай палове дня 9 верасня Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч па запрашэнні беларускіх уладаў наведаў Міністэрства замежных спраў, дзе сустрэўся з міністрам Уладзімірам Макеем.

У ходзе сустрэчы былі «абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, гуманітарнае супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках міжнародных арганізацый», — паведамляецца на сайце МЗС Беларусі mfa.gov.by.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў «непахіснасць афіцыйных падыходаў у дачыненні да Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, недапушчальнасць распальвання рэлігійнай нецярпімасці і важнасць захавання ў краіне этна-канфесійнай згоды ў цэлым».

У спецыяльным каментары для Catholic.by па выніках сустрэчы з міністрам Макеем Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч адзначыў, што ўлады «не падтрымліваюць ніякіх дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў той ці іншай рэлігійнай супольнасці».

Як адзначаецца на сайце МЗС Беларусі, «у дадзеным кантэксце не варта надаваць ніякага значэння асобным, выключна суб’ектыўным, спробам намаляваць сітуацыю інакш».

Нагадаем, што нядаўна пэўная правакацыйная публікацыя ў адным з перыядычных выданняў выклікала афіцыйную рэакцыю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выказаную па даручэнні Старшыні ККББ біскупа Віцебскага Алега Буткевіча біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Ад імя епіскапату і ўсіх каталіцкіх вернікаў Беларусі іерарх асудзіў гэтую публікацыю, якая цалкам абгрунтавана расцэньваецца як спроба распальвання варожасці і абраза рэлігійных пачуццяў, што наносіць маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі спадзяецца, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку згаданай публікацыі.

Абноўлена 09.09.2021 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа