Пошук

02.09.2021 17:32   Catholic.by

2 верасня ў Мінску прайшло 81-е пазачарговае пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У пасяджэнні, якое ўзначаліў Старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, узялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерархі Касцёла на Беларусі распачалі пасяджэнне малітвай гімнам Святому Духу Veni Creator Spiritus. На парадку дня былі разгледжаны наступныя пытанні:

  1. Заслухалі справаздачу старшыні камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па справах ліквідацыі наступстваў пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які пазнаёміў з ходам прац па рэканструкцыі будслаўскай святыні.
    Біскупы выразілі падзяку вернікам, а таксама ўсім фізічным і юрыдычным асобам за малітву і ахвяраванні, якія паступілі на гэтыя мэты ў памеры 1.020.979 рублёў. Сродкі былі выкарыстаны на аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ у касцёле, авансы падрадчыкам, экспертызы, закупку матэрыялаў і іншыя мэтавыя патрэбы. Як зазначыў біскуп Яшэўскі, яшчэ нестае прынамсі 400.000 рублёў, неабходных на завяршэнне этапу ўступнай кансервацыі, які папярэднічае працы па грунтоўнай рэстаўрацыі. Біскуп дадаў, што дзейнічае таксама дзяржаўная камісія па ліквідацыі наступстваў пажару, у склад якой уваходзяць і прадстаўнікі Касцёла.
  2. Іерархі Касцёла на Беларусі абмеркавалі і зацвердзілі праграму ўдзелу Касцёла ў Беларусі ў працы Сіноду Біскупаў паўсюднага Касцёла. Старшынёй камісіі быў прызначаны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які будзе каардынаваць працу Сіноду на ўзроуні ККББ пры дапамозе прадстаўнікоў з кожнай дыяцэзіі.
  3. Іерархі заахвочваюць духавенства і вернікаў да чыннага ўдзелу ў працы Сіноду Біскупаў і да малітвы аб яе плёне.
  4. Біскупы пасля абмеркавання кандыдатуры прызначылі на пасаду дырэктара Пастырскага цэнтра пры ККББ ксяндза Віталія Дабраловіча (Гродзенская дыяцэзія).
  5. Іерархі Касцёла на Беларусі пасля абмеркавання кандыдатуры прызначылі на пасаду дырэктара Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча (Віцебская дыяцэзія).
  6. Біскупы заслухалі план правядзення агульнабеларускай акцыі «Дзеці моляцца на ружанцы», якая адбудзецца 18 кастрычніка. Адказнай за правядзенне акцыі прызначана сястра Часлава Навіцкая USJK.
  7. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавёу аб падрыхтоўцы да ўрачыстасцяў Маці Божай Бялыніцкай, якія пройдуць 17–18 верасня ў Бялынічах (Магілёўская вобласць), як было вызначана на папярэднім пасяджэнні ККББ. Біскупы яшчэ раз звяртаюцца з заклікам да ўдзелу ў згаданых урачыстасцях, прымеркаваных да 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і да 30-годдзя адраджэння касцёльных структур на Беларусі.
  8. Наступнае пленарнае пасяджэнне ККББ адбудзецца 10 лістапада.
Абноўлена 03.09.2021 19:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.