29 жніўня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB і дырэктар мінскай салезіянскай супольнасці ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB ўрачыста адзначылі 25-годдзе манаскага жыцця.
На ўрачыстую святую Імшу з гэтай нагоды прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, моладзь і вернікі з салезіянскіх парафій Беларусі. Узначаліў цэлебрацыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які быў фарматарам для абодвух юбіляраў на пачатку іх фармацыйнага працэсу.
У гаміліі іерарх разважаў пра сутнасць манаскага жыцця і значэнне сённяшняга свята.
«Юбілей 25-годдзя манаскіх абяцанняў, які сёння супольна святкуем у Серабранцы, — гэта гісторыя вернасці пакліканню ксяндза Віктара Гайдукевіча і ксяндза Аляксандра Мятліцкага. Гэта вернасць слову, дадзенаму імі ў абяцаннях паслухмянасці, убоства і чыстасці.
На жаль, не ўсе, хто праз манаскія абяцанні дае слова Езусу, застаюцца вернымі Яму. Некаторыя адыходзяць, бо зразумелі, што яны не пакліканыя. Іншыя, наадварот, занядбалі абавязкі свайго паклікання і не былі вернымі. Для манаскай асобы вельмі важна быць верным Езусу, захоўваць Яго слова», — падкрэсліў іерарх, які сам належыць да Таварыства святога Францішка Сальскага.
Біскуп Аляксандр таксама звярнуў увагу на тое, што значыць быць манахам: «Мы, кансэкраваныя асобы, не пакліканы замяніць Пана ні сваімі дзеяннямі, ні сваёй місіяй, ані незлічонымі справамі, якія павінны рабіць.
Мы проста запрошаны працаваць разам з Панам, поплеч, але ніколі не забываючыся, што мы не зоймем Яго месца», — сцвердзіў пастыр.
Біскуп салезіянін таксама нагадаў словы святога Францішка Сальскага, якога Дон Боско абраў апекуном салезіянскага таварыства: «Толькі любоў прыводзіць нас да дасканаласці, але паслухмянасць, чыстасць і ўбоства — гэта тры выдатныя спосабы яе дасягнення. Паслухмянасць асвячае наша сэрца, чысціня — наша цела, а ўбоства — сродак любові і служэння Богу; гэта тры галіны духоўнага крыжа. Усе тры заснаваныя на чацвёртай, якой з’яўляецца пакора».
«Вінаградная галінка, як сказаў святы Ян у сваім Евангеллі, сама па сабе не дае пладоў, калі яна не застаецца на лазе.
Укаранёныя праз святы хрост і манаскае прысвячэнне, таксама праз розныя штодзённыя перажыванні, ачышчаныя Боскім садоўнікам, умацаваныя ласкай юбілею, працягвайце прыносіць плён любові і жыцця і заўсёды цешцеся Божай ласкай і благаслаўленнем», — пажадаў на заканчэнне гаміліі біскуп Яшэўскі сваім сабратам.
Пасля гаміліі адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў. Ксёндз Віктар і ксёндз Аляксандр перад Богам і людзьмі яшчэ раз пацвердзілі сваё жаданне жыць цнотамі чысцтасці, паслухмянасці і ўбоства ў салезіянскім таварыстве.
Пасля святой Імшы сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, моладзь і вернікі павіншавалі святароў з юбілеем. Ксёндз Віктар падзякаваў ад уласнага імя і ад імя сабрата біскупу Аляксандру, бацькам і усім прысутным за супольную малітву і віншаванні.