З 13 па 15 жніўня ў мястэчку Гудагай, што на Астравеччыне, праходзілі рэкалекцыі для моладзі, прысвечаныя тэме Эўхарыстыі.
Духоўныя практыкаванні для юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Беларусі правёў пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі айцец Аркадзь Куляха OCD.
Удзельнікі рэкалекцый па-рознаму дабіраліся да гудагайскага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай: хто на ўласным транспарце, хто «аўтастопам», хто на электрычцы, а нехта нават пехатою.
Канферэнцыі, якія прапанаваў моладзі айцец рэкалекцыяніст, былі прысвечаныя Эўхарыстыі і яе ролі ў жыцці верніка.
Духоўны кіраўнік звярнуў увагу на тое, як падрыхтавацца і перажыць сустрэчу з Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Распачаліся рэкалекцыі святой Імшой з рэкалекцыйнай навукай, у якой айцец Аркадзь звярнуў увагу на тое, што слова «Эўхарыстыя» перашапачаткова азначае «падзяку», а таму, як адзначыў святар, неабходна за ўсё дзякаваць Богу і праслаўляць Яго ў кожнай сітуацыі.
У другі дзень рэкалекцый юнакі і дзяўчаты прайшлі Крыжовым шляхам па самай вялікай у Беларусі Кальварыі.
Падчас набажэнства кожны ўдзельнік па чарзе нёс крыж і мог выказаць інтэнцыі, у якіх хацеў памаліцца.
Пазней, падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, моладзь мела магчымасць больш глыбока зазірнуць у сваё сэрца, каб там у шчырасці цішыні сустрэцца з Богам. Такім чынам падрыхтаваўшыся, удзельнікі рэкалекцыі перажывалі паяднанне з Міласэрным Айцом у сакрамэнце споведзі.
Увечары быў арганізаваны прагляд фільма пра Эўхарыстыю, зняты на падставе містычнага досведу балівійскай стыгматычкі Каталіны Рывас.
Апошні дзень рэкалекцый стаў своеасаблівым падсумаваннем духоўных практыкаванняў у гудагайскім санктуарыі.
Айцец рэкалекцыяніст на заканчэнне распавёў аб плёне Эўхарыстыі, які атрымлівае кожны, хто яе годна прымае.
Завяршыліся рэкалекцыі ўрачыстай святой Імшой, падчас якой удзельнікі дзякавалі Богу і парафіянам мястэчка за магчымасць правядзення і ўдзелу ў рэкалекцыях.