Пошук

17.08.2021 16:30   Тэкст: кс. Павел Эйсмант, Дар’я Брышцель / Фота: Кірыл Кравец / Catholic.by

З 9 па 14 жніўня па тэрыторыі Гомельскай вобласці, якая ўваходзіць у склад Пінскай дыяцэзіі, праходзіла Другая пешая пілігрымка Мазыр – Гомель з абразамі Маці Божай Гомельскай, Чэнстахоўскай і Юравіцкай.

Арганізатарам пілігрымкі стаў айцец Леанард Адушкевіч, манах паўлін, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, які развівае культ абраза Маці Божай Гомельскай і вядзе будаўніцтва парафіяльнага касцёла.

Свой шлях пілігрымы распачалі 9 жніўня ранішняй святой Імшой у парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры. Цэлебрацыю ўзначаліў пробашч мазырскай парафіі ксёндз Аляксандр Канановіч.

У пілігрымцы прымалі удзел два святары: айцец Леанард Адушкевіч OSPPE і ксёндз Павел Эйсмант, а таксама 26 вернікаў з Мазыра, Гомеля, Брынёва, Хойнікаў, Светлагорска і Мінска.

З-за пандэміі каранавірусу пілігрымка мела індывідуальны характар.

Пілігрымаў па дарозе наведвалі ксёндз Яцэк Баровец, пробашч парафій у Петрыкаве і Брынёве, і ксёндз Віталь Мысонаў, пробашч парафій у Лельчыцах і Ельску.

За шэсць дзён пілігрымы прайшлі каля 170-і кіламетраў. Шлях пілігрымкі пралягаў праз Юравiчы, Хойнiкi, шматлікія вёскі Рэчыцкага і Гомельскага раёнаў.

Кожны дзень распачынаўся з супольнай малітвы і спеву Гадзінак, а на працягу дня ўдзельнікі маліліся чатыры часткі Ружанца і набажэнства да святога Юзафа. Адбывалася таксама штодзённае індывідуальнае разважанне над Божым словам. Духоўнай літаратурай для чытання і разважання быў абраны твор святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора «Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы».

Святая Імша, абед і начлег адбываліся ў палявых умовах.

Галоўнай інтэнцыяй, якая спадарожнічала пілігрымам, была пабудова ў Гомелі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўленне ў другім па велічыні горадзе Беларусі санктуарыя Маці Божай Гомельскай.

Падчас вандроўкі пілігрымы пазнаёміліся са сведчаннем веры і любові да Маці Божай удзельніка «Легіёна Марыі» з Мінска Уладзіміра Вайцяховіча, а таксама самі ўласным прыкладам давалі сведчанне іншым людзям, якія сустракаліся на шляху. Дарэчы, кожны ахвотны, якога сустракалі пілігрымы, мог узяць абразок Маці Божай Гомельскай са спецыяльнай малітвай на адваротным баку.

Пілігрымка прыбыла ў Гомель позна ўвечары 14 жніўня. Падчас супольнай Эўхарыстыі ў капліцы пілігрымы падзякавалі Богу за тое, што змаглі дайсці да Маці Божай. На наступны дзень яны сабраліся разам з парафіянамі на ўрачыстай адпустовай святой Імшы, каб ушанаваць Унебаўзяцце Найсвяцейшай Маці.

Асабліва пілігрымам запамяталіся словы аднаго з удзельнікаў, які ўпершыню ў жыцці вырушыў у такі далёкі шлях:

«Ісці цяжка, але Пан Бог кліча».

Удзельнікі пілігрымкі да Маці Божай Гомельскай спадзяюцца, што гэтая паломніцкая традыцыя будзе працягвацца і сведчыць аб матчынай любові Марыі да ўсіх людзей.

Абноўлена 17.08.2021 16:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.