Пошук

11.08.2021 16:16   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Пятра Мітэльскага / Facebook

У гэтыя дні жніўня ў небе можна назіраць найбольш «спадаючых зорак» — метэораў, якія астраномы называюць Персеідамі, а ў народзе — «слязьмі святога Лаўрэнція».

Менавіта жніўні зямля ў сваім руху па арбіце вакол Сонца праходзіць праз шлейф часцінак пылу каметы Свіфта-Татла, якія, летучы з вялізнаю хуткасцю (60 км у секунду, або 216 тыс. км у гадзіну), трапляюць у атмасферу Зямлі і згараюць у яе шчыльных слаях.

Паколькі цэнтр гэтага метэорнага патоку знаходзіцца ў сузор’і Персея, ён атрымаў назву Персеіды, але народная традыцыя кажа, што гэта «неба плача» і называе зоркапад «слязьмі святога Лаўрэнція».

Свята гэтага мучаніка адзначаецца ў касцёле 10 жніўня. Рымскаму дыякану Лаўрэнцію давялося зносіць жахлівыя катаванні, падчас якіх ён, як падае традыцыя, плакаў над грахамі свету.

«Спадаючыя зоркі» на працягу стагоддзяў захаплялі астраномаў і проста цікаўных назіральнікаў нябесных з’яў. Першы ўспамін пра метэорны паток Персеідаў адносіцца да 36 года да Нараджэння Хрыстова і паходзіць з Кітая. У Еўропе гэтую з’яву ўпершыню апісалі ў 811 годзе, у часы Карла Вялікага.

Як і летась, сёлета метэорны паток менш інтэнсіўны ў параўнанні з мінулымі гадамі: усяго ў гадзіну можна ўбачыць каля сотні часцінак. Самыя яркія з іх атрымаецца назіраць няўзброеным вокам нават удзень.

Найбольш метэораў магчыма будзе ўбачыць позна ўвечары 12 жніўня, пасля захаду Сонца і да поўначы.

Сёлета рабіць гэта больш зручна, паколькі назіранню не перашкаджае святло Месяца: маладзік, які «нарадзіўся» 8 жніўня, яшчэ не настолькі яркі.

Метэорны паток «слёзаў святога Лаўрэнція» будзе працягвацца да канца жніўня, паступова слабнучы.

Абноўлена 11.08.2021 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа