6–7 жніўня ў Росіцы, што на Верхнядзвіншчыне, з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар мучанікаў Другой сусветнай вайны святароў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
Штогод на пачатку жніўня ў Росіцы ўшаноўваюць пастыраў, якія падчас вайны разам са сваімі вернікамі прынялі мучаніцкую смерць ад рук карнікаў. Як паведамляе Catholicnews.by, з гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы апоўначы ў росіцкім санктуарыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на адчуванні блізкасці Бога ў жыцці чалавека, адзначыўшы, што чалавечая душа — гэта адзінае месца, дзе Бога можа не быць, калі сам чалавек не жадае яго туды дапусціць.
«Тое месца, дзе няма Бога, займае злы дух, які і пачынае кіраваць чалавекам», — сказаў біскуп, дадаўшы, што ўсе трагедыі і канфлікты ў свеце з’яўляюцца наступствам аддалення чалавека ад Бога. Галоўнай заслугай росіцкіх святароў пастыр назваў тое, што ў найбольш трагічны момант яны сваёй прысутнасцю з людзьмі дазволілі ім адчуць блізкасць Бога.
«Бог не пакідае чалавека: Бог разам з гэтымі людзьмі ішоў на месца іх казні, цярпеў разам з імі да апошняга моманту, і знакам Яго прысутнасці <…> былі святары, якія іх не пакінулі», — сцвердзіў біскуп Буткевіч, запрасіўшы ўдзельнікаў урачыстасці прасіць ласкі моцнай веры ў няспынную прысутнасць Бога і яго любові ў нашым жыцці.
У літургіі узяў удзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек МІС, які таксама належыць да законніцкай супольнасці марыянаў.
Пасля Імшы прысутныя вырушылі працэсіяй на месца мучаніцкай смерці росіцкіх жыхароў разам з бласлаўлёнымі ксяндзамі Юрыем і Антоніем. Пасля малітвы за душы замучаных людзей біскуп Алег звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай: «Напэўна, нельга быць цалкам вольным ад страху <…>. Гэта натуральнае пачуццё, але дзеля таго дадзены чалавеку дух, каб панаваць над пачуццямі і эмоцыямі, а таксама і над страхам. Менавіта ў гэтым нам дапамагае наша вера. Можа, у першую чаргу, страх перад смерцю, які мае кожны чалавек. Чаму? Бо баімся перадусім таго, чаго не ведаем; не ведаем, што ёсць за той брамай. Брамай, якая для двух тысяч чалавек сталася апошняй на гэтым месцы. Але, каб прайсці праз гэтую браму, людзі мелі адвагу дзякуючы прысутнасці Божай, якую адчувалі праз паслугу святароў.
Менавіта прысутнасць Божая дае адвагу нам у шматлікіх складаных жыццёвых сітуацыях. Важна, каб мы, прайшоўшы свой жыццёвы шлях, як прайшлі ад касцёла сюды, як калісьці зрабілі людзі, прыгнаныя варожай сілай, каб напрыканцы жыцця мы з адвагай маглі прайсці праз гэтую браму смерці, якая чакае кожнага з нас. На гэтым месцы просім, каб у той момант мы мелі знак прысутнасці Божай».
Напрыканцы ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі крыж, усталяваны на месцы мучаніцкай смерці жыхароў Росіцы, і запалілі знічы на знак памяці.