Пошук

28.07.2021 16:17   Паводле: Grodnensis.by

24 ліпеня ў Навагрудку адбыўся першы агульнабеларускі з’езд сем’яў Асацыяцыi Найсвяцейшай Сям’i з Назарэта, у якім узялі ўдзел каля 40 сем’яў з Гродна, Ліды, Навагрудка, Маладзечна, Глыбокага і Мінска, душпастыры Асацыяцыі і кіраўніцтва беларускай правінцыі сясцёр назарэтанак.

Як паведамляе Grodnensis.by, усяго з’езд сабраў каля 60 дарослых і каля 80 дзяцей.

З’езд упершыню аб’яднаў большасць сем’яў з розных гарадоў Беларусі, якія наведваюць фармацыйныя сустрэчы Асацыяцыі.

Удзельнікі падвялі вынікі дзесяцігадовай дзейнасці. Ва ўступным слове сястра Марыяна Алешчык CSFN, адказная за Асацыяцыю, падала статыстычныя звесткі. Паводле яе падлікаў, за дзесяць гадоў удзел у рэкалекцыях і штомесячных сустрэчах узялі каля тысячы чалавек.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся душпастыры Асацыяцыі: пробашч парафіі Святой Тройцы з Глыбокага ксёндз Мікалай Ціхановіч (Віцебская дыяцэзія), пробашч парафіі Святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ з Мінска ксёндз Алег Шпець TChr (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і пробашч парафіі святога Юзафа, рамесніка, і сясцёр назарэтанак, мучаніц, з Ліды ксёндз Віталій Сідорка (Гродзенская дыяцэзія).

Святары падзяліліся досведам і ўражаннямі ад працы супольнасці назарэтанскіх сем’яў.

Да прысутных звярнулася і правінцыяльная сястра беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN.

Падчас сустрэчы да Асацыяцыі далучыліся дзве сям’і з Глыбокага і Гродна.

У прысутнасці сабраных яны прачыталі абяцанне і падпісалі дэкларацыю ўдзелу ў супольнасці.

Акрамя падвядзення вынікаў, мэтай з’езду было таксама планаванне наступнага фармацыйнага года. Удзельнікі абмяркоўвалі прыярытэты і бачанне развіцця супольнасці на наступны год.

Плануецца, што агульнабеларускія сустрэчы сем’яў будуць праводзіцца штогод.

Чарговы фармацыйны год Асацыяцыі распачнецца ў верасні.

Штомесяц сем’і ўдзельнічаюць у сустрэчах у Гродне, Лідзе, Маладзечне, Глыбокім і Мінску, таксама плануюцца сустрэчы ў Навагрудку, Смаргоні, Івянцы.

На працягу года члены супольнасці збіраюцца на трохдзённыя мужчынскія і жаночыя рэкалекцыі, восеньскія і веснавыя сямейныя рэкалекцыі на выходных, супольнае святкаванне Новага года і летнія тыднёвыя малітоўныя практыкаванні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа