21 ліпеня ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша ў дзясятую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які раней звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом з гэтай нагоды.
Як паведамляецца на сайце Пінскай дыяцэзіі pcd.by, з пастырам мясцовага Касцёла Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юзаф Станеўскі з Гродна і біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска.
Разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і шматлікімі свецкімі вернікамі з парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў краіны на месцы пахавання кардынала памаліліся вернікі і святары Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Ва ўступе да літургіі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў вагу на значнасць постаці кардынала Казіміра Свёнтка і прыклад яго самаадданага жыцця як верніка і святара, без рэшты адданага служэнню Хрысту і Яго Касцёлу.
Іерарх таксама заахвоціў памятаць у малітве пра пахаваную напярэдадні спадарыню Барбару Шыманскую, якая ахвярна на працягу 65 гадоў дапамагала ў служэнні Казіміру Свёнтку і як шматгадоваму пробашчу ў Пінску, а пасля — як біскупу, мітрапаліту і кардыналу.
Пасля святой Імшы ўсе сабраныя памаліліся ў крыпце пінскай катэдры, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк.