1 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падпісаў дэкрэт аб вяртанні капліцы ў Варонe (Астравецкі дэканат) яе гістарычнага тытулу святой Філамэны.
Дакумент іерарха апублікаваны на сайце варнянскай парафіі святога Юрыя varnyany.www.by.
Як паведамляе гэты парафіяльны рэсурс, капліца, пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя на вясковых могілках, доўгі час знаходзілася ў занядбаным стане і разбуралася.
Дзякуючы намаганням былога пробашча варнянскай парафіі ксяндза Здіслава Пікулы SDB яна была адрамантавана. Пасля аднаўлення капліцы быў надазены тытул у гонар апекуна касцёла ў Варнянах — святога Юрыя. Па ініцыятыве цяперашняга пробашча ксяндза Віктара Захарэўскага і тутэйшых вернікаў капліцы вярнуты яе гістарычны тытул.
Капліца ў Вароне — цікавы помнік мураванага сакральнага дойлідства Астравеччыны. Яе архітэктуры ўласцівыя рысы так званага «нізавога» барока — мясцовай інтэрпрэтацыі архітэктурных формаў віленскага барока.
Прамавугольны ў плане аднанефавы будынак накрыты высокім двухсхільным дахам з двух’ярусным атыкавым франтонам на галоўным фасадзе. Масіўны прамавугольны атык расчлянёны пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам і фрызам, над якім узвышаецца спрошчана трактаваны фігурны франтон з крыжам.
Вуглы і бакавыя фасады будынка ўмацаваны своеасаблівымі ступеньчатымі пілонамі, якія нагадваюць контрфорсы. Тарцовая сцяна нефа на галоўным фасадзе архітэктурна зусім не апрацавана, толькі сціпла прарэзана лучковым парталам уваходу і маленькім акном у цэнтры атыка. Усё гэта надае мастацкаму абліччу варонскай капліцы элементы прымітывізму.
Інтэр’ер капліцы перакрыты плоскай драўлянай столлю з размалёўкай, якая імітуе купал. Сцены ўнутры расчлянёны пілястрамі, над якімі размешчаны фрэскавыя выявы святых апосталаў. У алтарнай сцяне зроблена невялікая трапецяпадобная ў плане ніша. Прысценную архітэктурную алтарную кампазіцыю замяняе ілюзіяністычная перспектыўная выява алтара з калонамі іянічнага ордэра, развітага антаблемента і паўсферычнай конхі над ім.
Над уваходам зроблены хоры з агароджай, размаляванай філёнгавымі нішамі з разеткамі. У пачатку 20 ст. да алтарнай сцяны з паўночна-ўсходняга боку зроблена невысокая квадратная ў плане прыбудова сакрыстыі.