Пошук

07.07.2021 11:59   Паводле: Svjazep.org / Catholic.by

75 гадоў таму быў выдадзены малітоўнік (ці малíтаўнік, як напісана на вокладцы) «Божым шляхам» на беларускай мове для католікаў усходняга абраду.

Выданне ўбачыла свет у 1946 годзе ў Рыме дзякуючы намаганням вядомага рэлігійнага дзеяча айца Льва Гарошкі. Як адзначаецца на сайце грэка-каталіцкай парафіі святога Праведнага Язэпа Svjazep.org, змест гэтай невялічкай кніжачкі збору малітваў добра адлюстраваў і той час, і самога аўтара, які быў добрым багасловам, знаёмым з беларускай і ўкраінскай грэка-каталіцкімі традыцыямі.

Фота: Рацыя
Ён адкрываўся штодзённымі малітвамі па-царкоўнаславянску і па-беларуску, а рэшта кніжкі — толькі па-беларуску: прынагодныя малітвы, караценькі катэхізм, царкоўны спеўнік і нават каляндар з Пасхаліяй. Раздзел прынагодных малітваў — нібы рэха пасляваенных гадоў: тут і малітва за загінулых на вайне, і малітва сіраты, і малітва ў няшчасці, але таксама і малітва за беларускі народ, а таксама малітвы дзеля больш празаічных патрэб: перад ежай, пасля ежы, перад сном і г.д.

Верагодна, што гэта быў першы грэка-каталіцкі малітоўнік на сучаснай беларускай мове. Немагчымае на Бацькаўшчыне, якая знаходзілася пад цяжкім прыгнётам савецкай акупацыі, нашы суайчыннікі рабілі на чужыне.

Значэнне малітоўніка далёка пераўзышло і ягоны малюсенькі фармат (ён лёгка змяшчаўся на далоні), і свой час.

Ён быў першым падручнікам веры на роднай мове для многіх нашых суродзічаў. Ён даў назву бадай найлепшаму рэлігійнаму часопісу беларускай пасляваеннай дыяспары, які айцец леў Гарошка пачаў выдаваць у 1947 годзе.

Малітоўнік «Божым шляхам» пэўным чынам кампенсаваў поўную адсутнасць рэлігійнай літаратуры на роднай мове ў першыя гады пасля перабудовы і нават быў перавыдадзена ў Беларусі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Адсканаваны малітоўнік «Божым шляхам» у электронным фармаце ёсць на Беларускай Палічцы ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця