Пошук

12.03.2021 12:27   Паводле: vaticannews.va / Catholic.by

Фота: www.radabnr.org

11 сакавіка споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння айца Льва Гарошкі — святара, інтэлектуала, грамадскага дзеяча і журналіста, шматгадовага кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Дзейнасць айца Гарошкі, як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, не мае шырокага прызнання ў Беларусі, як і дзейнасць многіх іншых беларускіх святароў, якія працавалі на ніве духоўнага і нацыянальнага абуджэння народа. Аднак спадчына, пакінутая гэтым руплівым пастырам, заслугоўвае самай вялікай увагі.

На працягу жыцця айцец Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніг па гісторыі, філасофіі, тэалогіі і мовазнаўстве, прапаведаваў, навучаў, спрыяў захаванню цікавасці да ўласных каранёў сярод беларусаў на Радзіме і за мяжой.

Леў Гарошка нарадзіўся 11 лютага 1911 г. у сялянскай праваслаўнай сям’і ў Навагрудскім павеце. Продкі яго бацькоў былі ўніятамі.

Пасля заканчэння беларускай гімназіі паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, потым вывучаў тэалогію ў аўстрыйскім Інсбруку. У 1937 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу ў каталіцкіх парафіях усходняга абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі. Але добра адукаваны беларускі святар лічыўся палітычна ненадзейным у міжваеннай Польшчы, таму пастаянна знаходзіўся пад кантролем паліцыі.

Праз два гады распачалася Другая сусветная вайна. Айцец Гарошка працягваў несці служэнне як святар і педагог.

Вядомы выпадак, калі святар уратаваў моладзь ад вывазу ў працоўныя лагеры на тэрыторыі Германіі, пасля чаго быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі.

У 1944 г. разам з многімі тысячамі беларусаў, якія не хацелі трапіць пад савецкі тэрор, айцец Гарошка апынуўся ў эміграцыі. Займаўся душпастырствам сярод беларусаў у Германіі і Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе заснаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам», які выдаваўся амаль 40 гадоў. Таксама падрыхтаваў аднайменны малітоўнік, якім да сёння дзе-нідзе карыстаюцца вернікі.

У 1959 г. айцец Леў Гарошка прыехаў у Рым, дзе ўступіў у Кангрэгацыю Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а на наступны год узначаліў Беларускую каталіцкую місію ў Лондане.

Аднак на гэтай пасадзе прабыў не доўга. Рэч у тым, што святар прагнуў па-сапраўднаму рэалізаваць сваё пакліканне каталіцкага прапаведніка, публіцыста і журналіста.

Такая магчымасць у яго з’явілася ў 1970 г., калі ён стаў кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

За сем гадоў плённага служэння айцец Леў Гарошка падрыхтаваў некалькі ўнікальных цыклаў праграм, прысвечаных хрысціянству ў беларускай літаратуры, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, знаёміў вернікаў з думкамі вялікіх навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў пра Бога і рэлігію. Гэтая спадчына яшчэ толькі пачынае прыцягваць увагу навукоўцаў.

Святар прызнаваўся, што «намагаецца рабіць усё магчымае, каб забяспечыць рэлігійныя патрэбы беларускага народа». Яго прыклад працягвае натхняць мноства душпастыраў, а яго дзейнасць з’яўляецца важным этапам у гісторыі каталіцкай журналістыкі ў Беларусі.

Фота: be-tarask.wikipedia.org

Абноўлена 12.03.2021 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа