З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
- 1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Амэн.
- 2. Малітва ў восьмы дзень
«Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць» (Мц 5, 10)
Пане Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за тое, што Ты надаў цярпенню вялікую вартасць. З моманту балесных падзей на Галгоце Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз ахвяраванне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды.
Маці Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгоце Ты цярпела разам са сваім Сынам. Сёння Ты — Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 10).
Маці Божая Балесная, маліся за нас.
- 3. Малітвы Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…