З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
- 1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Амэн.
- 2. Малітва ў сёмы дзень
«Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9)
Пане Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой. Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні анёлы. У сваіх развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, «не так, як дае свет» (пар. Ян 14, 27). Учыні нас руплівымі вестунамі і носьбітамі Твайго супакою.
Маці Божая Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас разумець, што сапраўдны Хрыстовы супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека шчаслівым тут, на зямлі, і вядзе да шчаслівай вечнасці. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою.
Каралева супакою, маліся за нас.
- 3. Малітвы Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…