З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
- 1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Амэн.
- 2. Малітва ў шосты дзень
«Шчаслівыя чыстыя сэрцам» (Мц 5, 8)
Пане Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам зведаў цярпенні на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму.
Маці Божая Будслаўская! Панна Беззаганная, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі агіду да граху і не паддаваліся спакусам. Усёй сілаю свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб споўнілася ў нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага.
Панна Беззаганная, маліся за нас.
- 3. Малітвы Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…