Пошук

25.06.2021 07:58   а. Аляксандр Стока OCD / Catholic.by

У гарачыя летнія дні з 21 па 24 чэрвеня ў кляштары айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі праходзілі рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання.

Каб задумацца над важнымі для кожнага маладога чалавека тэмамі, звязанымі з выбарам далейшага жыццёвага шляху, у духоўных практыкаваннях узялі ўдзел трое юнакоў з кармэліцкіх парафій у Нарачы і Мядзелі.

Час рэкалекцый у мядзельскім Кармэлі быў напоўнены малітвай і канферэнцыямі, працай і адпачынкам. Душы асвяжала малітва і разважанне над Божым словам, а ад спёкі ратавала купанне ў нарачанскіх азёрах.

У цэнтры кожнага рэкалекцыйнага дня была Эўхарыстыя і супольная малітва Літургіі гадзінаў. Падчас змястоўных канферэнцый маладыя людзі з дапамогай духоўнага кіраўніка разважалі над выбарам жыццёвага шляху разам са святым Юзафам. Не засталася без увагі і тэма малітвы ў штодзенным жыцці хрысціяніна.

Падчас рэкалекцый мядзельскую супольнасць кармэлітаў наведаў айцец Пётр Фраштэнга OCD, Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі. Ён пазнаёміўся з хлопцамі падчас смачнага снедання ў кляштары і заахвоціў іх заўсёды клапаціцца таксама аб духоўнай ежы.

Кожны рэкалекцыйны дзень у мядзельскім Кармэлі заканчваўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, які з’яўляецца Хлебам вечнага жыцця.

Рэкалекцыі завяршыліся ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля — чалавека, які атрымаў у жыцці пакліканне быць Хрыстовым Папярэднікам і таму побач з Найсвяцейшай Паннай Марыяй з’яўляецца цудоўным узорам і заступнікам для ўсіх пакліканых.

Абноўлена 25.06.2021 08:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця