Пошук

24.06.2021 11:55   Паводле: Grodnensis.by

19–20 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях сустрэліся прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх з усёй Беларусі.

Як паведамляе Grodnensis.by, на працягу ночы духоўныя паслядоўнікі святога Францішка Асізскага, якія жывуць яго харызмай у свеце, маліліся ў санктуарыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Малітву тэрцыяры ахвяравалі ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які сёлета адзначае 30-ю гадавіну аднаўлення сваіх структур, а таксама за сем’і нашай краіны, каб яны былі моцныя Богам, і аб развіцці дзейнасці Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі.

Галоўным момантам сустрэчы стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў канцлер гродзенскай курыі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч. У гаміліі святар засяродзіў увагу на літургіі слова з дня, дзе гаворка ішла пра буру на моры.

Ксёндз Мацкевіч падкрэсліў, што вера пачынаецца з пераканання, што самі сабе мы не здольныя дапамагчы, а маем патрэбу ў Богу, якога трэба паставіць у цэнтр нашага жыцця.

На заканчэнне Імшы канцлер ад імя гродзенскіх біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Юзафа Станеўскага падзякаваў членам Францішканскага ордэна свецкіх за іх нястомную малітву ў інтэнцыі Касцёла і за апостальскі дух, які яны на ўзор святога Францішка Асізскага прыносяць у сваё асяроддзе і на месцы працы.

Абноўлена 24.06.2021 11:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.