Пошук

21.06.2021 12:29   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

20 чэрвеня ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) арцыбіскуп Тадэвуша Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых вернікаў са свірскай і навакольных парафій.

Да гэтай важнай падзеі ў духоўным жыцці моладзь рыхтавалася з дапамогай сясцёр з кангрэгацыі дачок Марыі Беззаганнай і семінарыста Паўла Пагасая, які знаходзіцца на душпастырскай практыцы ў свірскай парафіі.

Сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук заслужанага іерарха прынялі каля трох дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з некалькіх парафіяльных супольнасцяў даўняга Віленскага краю, якія цяпер знаходзяцца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзіях.

Вітаючы арцыбіскупа Кандрусевіча, пробашч парафіі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, шчыра падзякаваў іерарху за скіраваны з выгнання ліст да тутэйшых вернікаў, які быў прачытаны ў пачатку снежня на адпустовай урачыстасці святога Мікалая. Расчулены іерарх, са свайго боку, выказаў удзячнасць свірчукам за малітву і салідарнасць у той складаны для яго перыяд.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп, каментуючы евангельскі ўрывак пра тое, як Езус суцішыў буру на моры, адзначыў:

«Падчас розных крызісаў, якія мы пражываем, страх часта ахоплівае нас і ўплывае на нашае жыццё. Нас палохае недахоп матэрыяльных сродкаў для нармальнага жыцця, няўпэўненасць у будучыні, пандэмія каранавірусу, грамадска-палітычны крызіс. <…>

Калі мы чагосьці баімся, то засяроджваемся на гэтым, і, як правіла, забываемся пра самае галоўнае ў нашым жыцці, а менавіта, быць паслядоўнікамі Хрыста, давяраць Яму і не баяцца, бо Ён заўсёды з намі», — падкрэсліў іерарх, параўнаўшы човен Пятра, які знаходзіўся ў небяспецы на ўзбураных хвалях Галілейскага возера, з сітуацыяй «сучаснага свету і Касцёла, якія таксама знаходзяцца на ўзбураных хвялях акіяну маральнага, эканамічнага, палітычнага, грамадскага і каранавіруснага крызісаў ХХІ стагоддзя».

Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што паратунак ад гэтых нягодаў чалавек знаходзіць у моцнай веры ў Бога.

Ён дадаў, што такая вера мае тры ўзаемадапаўняльныя вымярэнні: асабістая вера ў Хрыста як нашага Пана і Збаўцу, жыццё верай і давер да Бога.

Менавіта такой моцнай і жывой веры пажадаў кандыдатам і ўсім прысутным вернікам арцыпастыр, завяршыўшы гамілію кароткай малітвай:

«Няхай сем дароў Святога Духа, якія атрымаюць канфірмаваныя, дапамогуць у захаванні веры, у даверы Езусу — адзінаму Збаўцы свету, і ў хрысціянскім сведчанні, такім падрэбным сучаснаму свету».

Абноўлена 21.06.2021 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа