11 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у дзятлаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша падзякі за 70 гадоў жыцця і ахвярнага служэння ксяндза Здзіслава Пікулы, салезіяніна.
Як паведамляецца на сайце беларускіх салезіянаў sdb.by, у гэты дзень святкавалі таксама 375-гадовы юбілей дзятлаўскай святыні. Цэлебрацыю з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У святкаванні ўзялі ўдзел біскупы Юрый Касабуцкі і Юзаф Станеўскі, сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, святары і вернікі з навакольных парафій, дзеці і моладзь. Шматлікіх удзельнікаў урачыстай святой Імшы прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
Божае слова падчас Імшы прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх узгадаў гісторыю дзятлаўскай святыні, якую ў 1624 годзе пачалі будаваць па ініцыятыве славутага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. За 375 гадоў дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі перажыў шмат войнаў і некалькі пажараў.
«Сёння мінае 375 гадоў з таго моманту, калі сэрца чалавека дзятлаўскай зямлі ўзрушылася верай, — адзначыў біскуп Юзаф. — Сведкаў тых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз кроў у нашых жылах і еднасць святых».
Пасля святой Імшы біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі розных галін салезіянскай сям’і і прысутныя вернікі выказалі шчырыя віншаванні ксяндзу Здзіславу Пікулу SDB. Павіншаваць душпастыра прыбалі таксама вернікі з Варнянаў — парафіі, дзе ў 1989 годзе салезіянін распачаў сваё служэнне ў Беларусі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў прысутных вернікаў і гасцей дзякаваць добраму Богу за велічную святыню, пабудаваную іх продкамі, і за жыццё адданага святара, які ўжо не адзін год нясе ў ім душпастырскае служэнне.
Ад імя салезіянскай супольнасці Беларусі ксяндза Здзіслава павіншаваў рэгіянальны настаяцель ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначыў вялікі ўнёсак сабрата ў развіццё салезіянскай харызмы на нашай зямлі. Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі выказаў надзею на тое, што ксёндз Здзіслаў будзе дапамагаць дзятлаўскім вернікам сваёй мудрасцю, малітвай і жыццёвым вопытам яшчэ не адзін год.
На заканчэнне ўрачыстасці адбылося благаслаўленне фігуры Марыі Унебаўзятай і памятнага юбілейнага каменя з нагоды 375-годдзя святыні і 100-годзя прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.