На гэтым тыдні выйшаў з друку чэрвеньскі нумар часопіса Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі «Ave Maria».
Дэвізам гэтага нумара сталі словы «Адновім Будслаў разам!». Трагедыя здарылася 11 мая: у вялікім пажары быў знішчаны дах будслаўскай святыні і пашкоджаны канструкцыі. Для аднаўлення важнага духоўнага цэнтра Беларусі вельмі патрэбныя ахвяраванні. У часопісе змешчана інфармацыя аб тым, як гэта можна зрабіць.
Не менш за ахвяраванні патрэбная для аднаўлення святыні і малітва. Некаторыя тэксты малітваў да Маці Божай Будслаўскай рэдакцыя прапануе ў новым нумары часопіса.
Будславу як сімвалу аднаўлення для кожнага беларуса прысвечаны артыкул пастаяннага аўтара Арцёма Ткачука.
Чэрвеньскі нумар часопіса «Ave Maria» асаблівым чынам імкнецца прыцягнуць увагу чытачоў да таямніцы Божага Провіду. Якое значэнне адыгрывае Божы Провід у жыцці? Як распазнаць Божы Провід? Гэтым пытанням прысвечана значная частка артыкулаў гэтага нумара.
Ксёндз доктар Юрый Дрозд, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, раскрывае чытачам сутнасць каталіцкага вучэння аб Божым Провідзе. Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, як Бог вядзе чалавека праз жыццё. У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка апавядае пра тое, як распазнаць дзеянне Божага Провіду ў жыцці чалавека. Пра тэорыю і практыку жыцця ў згодзе з Божым Провідам піша айцец Яўген Голуб OFMConv. Пра парадокс існавання зла ў свеце, створаным Богам, над якім заўсёды чувае Божы Провід, можна прачытаць у матэрыяле айца Яцэка Салія ОР. У матэрыяле «Усеабдымнасць Божага Провіду» прапанаваныя думкі святых, якія жылі ў розныя часы, у розных кутках зямлі, аднак аднолькава востра адчувалі на сабе Яго дзеянне.
Таксама ў гэтым нумары часопіса друкуецца тэкст Навэнны да Божага Провіду.
Чытачам прапануецца інтэрв’ю з сястрой Чаславай Навіцкай USJK, дырэктарам Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску. Сястра Часлава шчыра дзеліцца з чытачамі сваім уласным досведам жыцця ў даверы да Божага Провіду, думкамі аб сапраўдным хрысціянскім жыцці.
У матэрыяле Эльвіры Палінеўскай, прысвечаным 40-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, можна больш даведацца пра гэтыя падзеі, так, як іх убачыў амерыканскі журналіст і выдавец Уэйн Уэйбл, аўтар 12 кніг пра Меджугор’е.
Пастаянны аўтар Галіна Калевіч, як заўсёды, цудоўна раскрывае на старонках часопіса «Ave Maria» асобы простых беларускіх вернікаў, дапамагае ім падзяліцца сваім сведчаннем з чытачамі. У гэтым нумары змешчаны артыкул, прысвечаны сям’і Юзафа Точкі і Зоф’і Пансевіч, якая паходзіць з роду слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo» сардэчна віншуюць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 40-годдзем святарства.
У чэрвеньскім нумары часопіса «Ave Maria» у скароце друкуецца Слова арцыбіскупа на нядзелю Добрага Пастыра.
Вернікі парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, што ў пасёлку Лясны Мінскага раёна, віншуюць свайго пробашча ксяндза Казіміра Шыдэлку SDB з днём нараджэння і 35-й гадавінай святарскага пасвячэння, адрасуючы яму шчырыя словы ўдзячнасці за адданае служэнне.
З 35-годдзем святарскага пасвячэння віншуюць ксяндза Станіслава Маленькага SCI вернікі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ляхавічах, а вернікі ляхавіцкай парафіі святога Юзафа распавядаюць пра гісторыю сваёй святыні і віншуюць з 90-гадовым юбілеем першага міністранта касцёла і вядомага хірурга, адданага католіка Яўгенія Папроцкага.
У часопісе змешчаны таксама допіс чытачкі Марыі Мяжэвіч з Валяр’янава «Пане, скіруй на мяне свой позірк…» Рэдакцыя дзякуе за ўсе дасланыя чытачамі лісты і запрашае дзяліцца сваімі думкамі і сведчаннямі.
Шмат цікавых матэрыялаў можна знайсці на сайце часопіса «Ave Maria» і на старонках выдання ў сацыяльных сетках.