У панядзелак 31 мая ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў 40-ю гадавіну свайго прэзбітэрскага пасвячэння.
31 мая 1981 года тагачасны Апостальскі адміністратар Каўнаскай архідыяцэзіі біскуп Людас Павілоніс удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 12-і дыяканам, сярод якіх быў і выпускнік духоўнай семінарыі ў Каўнасе Тадэвуш Кандрусевіч.
Праз 40 гадоў, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ужо арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы падзякі за чатыры дзесяцігоддзі святарства.
У супольнай малітве з арцыпастырам узялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскупы Юрый Касабуцкі і Юзаф Станеўскі, а таксама Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Да іх далучыліся святары, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі, якія прысутнічалі ў катэдры, а таксама глядзелі прамую трансляцыю на партале Catholic.by.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч з удзячнасцю Богу і Ягонаму Провіду ўзгадаў асноўныя моманты свайго паклікання і служэння на працягу чатырох дзесяцігоддзяў.
«40 гадоў таму, 31 мая 1981 года, я распачаў сваё святарскае падарожжа, якое потым перарадзілася ў біскупскае. Распачаў у Вільні, у парафіі святой Тэрэзы Авільскай і славутым Марыйным санктуарыіі ў Вострай Браме, у чым бачу дзеянне Божага Провіду.
Менавіта ў Вострай Браме ў 1976 годзе, будучы паспяхлвым інжынерам, перад якім адкрывалася добрая кар’ера, я змяніў свае жыццёвыя планы. Вострая Брама стала для мяне месцам звеставання новага жыццёвага шляху. Потым святарскае падарожжа было працягнута ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках, а пасля — у парафіі Святога Духа ў Вільні.
Гэта былі гады служэння для людзей розных нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусаў, якія з-за недахопу святароў і касцёлаў часта ездзілі ў Літву, каб удзельнічаць у святой Імшы, паспавядацца, ахрысціць дзяцей, узяць шлюб… Гэта быў для мяне час падрыхтоўкі да працы ў Беларусі і Расіі», — адзначыў іерарх.
Працягваючы аповед пра шлях свайго служэння, ён дадаў: «У 1988 годзе я атрымаў дазвол на служэнне ў Гродне і быў прызначаны пробашчам францішканскай парафіі Божай Маці Анёльскай, а таксама стаў першым пасля 28-і гадоў пробашчам фарнай (цяперашняй катэдральнай) парафіі святога Францішка Ксавэрыя.
Тады мы перажывалі звязаны з перабудовай час новай надзеі. Людзі радаваліся, што ў Гродне з вялізарнай колькасцю вернікаў з’явіўся новы святар. Радаваўся і я, дзякуючы Богу за ласку вяртання на сваю радзіму, каб служыць людзям як святар.
Але мяне чакаў сюрпрыз. У 1989 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне біскупам.
Я працягнуў сваё святарскае падарожжа ў новай якасці наступніка Апосталаў, калі ўжо трэба было клапаціцца не пра дзве парафіі ў Гродне, але пра ўвесь беларускі Касцёл. Але Бог не пакінуў мяне аднаго і шчодра благаславіў. Распачаўся час адраджэння Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.
Аднак Бог меў іншыя планы. Ён жадаў, каб сваё падарожжа я працягнуў у Расіі, дзе трэба было распачынаць практычна з нуля. І зноў Бог шчодра благаславіў. Краіна, з якой цягам трох пакаленняў выганялі Езуса і Яго крыжавалі, пачала ўваскрасаць да новага духоўнага жыцця.
Па волі Святога Айца Бэнэдыкта XVI у 2007 годзе я вярнуўся ў Беларусь, каб працягваць далейшае святарскае і біскупскае падарожжа.
Сёння, калі больш не з’яўляюся ардынарыем, я застаюся біскупам і святаром і імкнуся служыць Касцёлу і людзям у справе іх збаўлення», — сцвердзіў арцыпастыр.
Падводзячы вынікі свайго 40-гадовага служэння, арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім выказаў сваю ўдзячнасць бацькам за перададзены Божы дар жыцця і каталіцкае выхаванне ў часы ваяўнічага атэізму.
«Дзякую святарам, якіх сустрэў у тыя часы і якія дапамаглі распазнаць пакліканне да святарства. Дзякую Касцёлу ў Літве, які даў мне магчымасць святарскай фармацыі. Дзякую Пантыфікам: святому Яну Паўлу ІІ, Бэнэдыкту XVI і Францішку за іх клопат аб Касцёле ў Беларусі і Расіі. Дзякую біскупам, святарм і кансэкраваным асобам, з якімі давялося разам працаваць і з якімі я далей працую. Дзякую вам, дарагія вернікі», — шчыра сказаў іерарх.
«Час ідзе наперад, але святар застаецца святаром навекі <…>.
Распачатае 40 гадоў таму святарскае падарожжа працягваецца. Прашу вас аб малітве, каб яно было плённым да вызначанага Богам дня на яго хвалу і для збаўлення людзей», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч.
З важнай гадавінай свайго папярэдніка на пасадзе кіраўніка беларускага каталіцкага епіскапату павіншаваў біскуп Алег Буткевіч. Словы віншавання ад імя духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі скіраваў іерарху ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, а ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі павіншаваў арцыбіскупа ад імя ўсіх кансэкраваных асоб. Прагучалі таксама віншаванні ад беларускіх грэка-католікаў, супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ і вернікаў.