31 мая стаў апошнім працоўным днём на Catholic.by для Валянціны Грамыка, якая прысвяціла яму шмат гадоў руплівай працы ў якасці рэдактара. Калектыў парталу выказвае ёй падзяку за супрацоўніцтва.
Шаноўная спадарыня Валянціна,
сёння ў нашым маленькім калектыве сумны дзень развітання. Вы шмат гадоў прысвяцілі парталу Catholic.by, які, хіба што, можна параўнаць з вашым «трэцім сынам». Гэта сапраўды так, бо Вы не толькі стаялі ля яго вытокаў, але таксама прысвяцілі яму вельмі шмат Вашага сэрца, ведаў, клопату, руплівай працы і недаспаных начэй.
Вы заўсёды ўносілі ў наш калектыў радасць, святло і цеплыню, ствараючы ў ім сямейную атмасферу добразычлівасці і ўзаемадапамогі.
Усё, што Вы рабілі на Catholic.by, адрозніваецца не толькі высокім прафесіяналізмам і адказнасцю, але таксама шчырасцю і жаданнем сваёй працай служыць Богу і Касцёлу. І ў Вас гэта цудоўна атрымліваецца! Хоць часам кажуць, што незаменных людзей няма, але гэта няпраўда: кожны чалавек — незаменны, і Вас дакладна няма каму замяніць.
На жаль, заўтра мы будзем працаваць толькі ўтраіх. Відаць, без Вас мы не зможам падтрымліваць ранейшы аб’ём і якасць працы на Catholic.by, таму па Вас будуць сумаваць не толькі супрацоўнікі, але і ўсе нашы чытачы.
Вялікі Вам дзякуй, шаноўная Валянціна, таксама ад іх імя за ўсё, што Вы зрабілі ў гэтым служэнні — распаўсюджваць у сеціве інфармацыю на роднай мове пра Касцёл у Беларусі і ў свеце. Няхай Бог благаславіць Вас і Вашую сям’ю!
Магчыма, Ён дазволіць нам у будучыні зноў бачыць Вас у якасці супрацоўніка парталу Catholic.by, а Ваш неацэнны ўнёсак у яго стварэнне і набыты за гады вопыт працы заўсёды будзе высока ацэнены і запатрабаваны.
Выбачайце, што не заўсёды ўмелі цаніць Вашу прысутнасць і даражыць ёю. Але яна назаўжды застаецца ў нашых сэрцах, успамінах і ў тых здымках, якія адлюстроўваюць моманты нашай сумеснай працы — цудоўныя моманты нашага жыцця!
З малітвай і падзякай,
Ксёндз доктар Аляксандр Улас, дырэктар Catholic.by
Віталій Палінеўскі, праграміст
Ксёндз Мікола Гракаў, перакладчык