Пошук

31.05.2021 12:52   Тэкст: Алена Кахноўская / Фота: Ганна Рахунок / Catholic.by

30 мая ў парафіі святога Францішка (Мінскі раён, вёска Копішча, Новая Баравая) адбыўся гала-канцэрт «Будслаў — наш гонар» у межах Першага парафіяльнага фестывалю мастацтваў «Марыйны травень».

Святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Аляксандр Улас.

Канцэртная праграма ўключала нумары музычнага і тэатральнага мастацтва, дэкламацыю вершаў і мастацкую выставу. Кожны з прадстаўленых нумароў быў прысвечаны Маці Божай Будслаўскай.

Артысты ўзгадалі гістарычныя, культурныя і асветніцкія падзеі, звязаныя з Будславам. Не застаўся без увагі таксама пажар у святыні: удзельнікі фестывалю творча выказалі надзею на хуткае аднаўленне санктуарыя.

Удзел у фестывалі ўзялі прадстаўнікі ўсіх узростаў і суполак парафіі. Сваё майстэрства прадэманстравалі салісты: Ганна Галіноўская (цымбалы), Алёна Жукавец (гімнастыка), Ганна Пятровіч (спевы), Яна Місан і Амелія Галко (майстэрства чытання). Кранальна прагучалі песні ў выкананні вакальнага ансамбля «Маці ў малітве», дзіцячага ансамбля Transitus і хора Transitus. Праславілі Марыю ў творах выяўленчага мастацтва больш за дваццаць дзяцей парафіі. Кульмінацыяй фестывалю стаў танцавальны нумар на чале з Нінай Невяроўскай і Марынай Галко, прадстаўлены дзеткамі ад палутара да чатырох гадоў, якія наведваюць парафіяльную «Святліцу».

Варта адзначыць, што вернікі рыхтавалі нумары самастойна, каб праз сваю творчасць праславіць Нябесную Каралеву Беларусі. На заканчэнне парафіяне ў сямейным коле з кавай і блінамі адзначылі заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года.

 

Абноўлена 31.05.2021 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця