Пошук


У чацвер 27 мая, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі дыякан Юрый Рашатко прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

Сакрамэнт пасвячэння другой ступені яму ўдзяліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец падчас урачыстай святой Імшы, у якой узялі ўдзел больш за 20 святароў з усіх дыяцэзій Беларусі: як дыяцэзіяльных, так і манахаў. У катэдры таксама прысутнічалі шматлікія вернікі, а многія духоўна далучыліся да цэлебрацыі з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by, якую глядзелі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Новапрэзбітэр паходзіць з мінскай катэдральнай парафіі і ў апошні час нёс дыяканскае служэнне ў сваёй роднай супольнасці пры галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз Юрый Рашатко з’яўляецца выпускніком Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску і аспірантам інстытута філасофіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ, дзе паспяхова завяршае напісанне доктарскай дысертацыі. Ужо як дыякан ён распачаў выкладаць філасофію ў Тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.

На пачатку цэлебрацыі біскуп Велікаселец выказаў радасць ад таго, што ў свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, прэзбітэрый даручанага яго пастырскай апецы Мінска-Магілёўскага Касцёла папаўняецца яшчэ адным святаром. У прамоўленым Божым слове Апостальскі адміністратар архідыяцэзіі глыбей раскрыў вялікае значэнне святарства ў жыцці Касцёла і нагадаў пра ўзнёслыя і адказныя абавязкі святарскага служэння Богу і Яго народу. Біскуп нагадаў пра тое, што Эўхарыстыя, якую цэлебруе святар, з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю жыцця хрысціянскай супольнасці на зямлі. Па словах пастыра, гэтае вучэнне Касцёла асаблівым чынам праявілася ў жыцці і настаўленнях святога Яна Паўла ІІ.

Падчас абраду прэзбітэрскага пасвячэння святарскае адзенне — арнат — свайму выхаванцу Юрыю Рашатко дапамог апрануць пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.

Менавіта яму словы асаблівай удзячнасці на заканчэнне цэлебрацыі выказаў новапрэзбітэр, падкрэсліўшы, што пасля Пана Бога менавіта ксёндз Антоній найбольш зрабіў для таго, каб гэтае пасвячэнне адбылося.

За дапамогу і падтрымку на няпростым шляху да святарства ксёндз Юрый падзякаваў таксама сваім бацькам і сястры, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які ўдзяліў яму дыяканскае пасвячэнне і спрыяў яго духоўнаму ўзрастанню, а таксама фармацыйным супольнасцям у Беларусі і за мяжой.

Урачыстасць завяршылася беларускім рэлігійным гімнам «Магутны Божа». Словы гэтага спеву-малітвы, у якіх гучыць просьба даць нашаму народу «павагу, сілу і веліч веры», спраўджваюцца ўжо цяпер. У асобе ксяндза Юрыя Рашатко Касцёл у нашай краіне атрымаў не проста пабожнага і добра адукаванага душпастыра, але таксама сапраўднага патрыёта, вернага Богу і людзям, якім ён пакліканы несці слова Праўды, Любові і Суцяшэння.

Прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Юрыя Рашатко адбудзецца 30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Мары. Пачатак у 13.00.

На заканчэнне цэлебрацыі можна будзе атрымаць спалучанае з поўным адпустам прыміцыйнае благаслаўленне.

Абноўлена 28.05.2021 09:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.