26 мая восем беларускіх святароў-байкераў здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Свой шлях і малітву ксяндзы ахвяравалі ў інтэнцыі адбудовы касцёла, які быў пашкоджаны з прычыны пажару 11 мая. У Доме пілігрыма, дзе цяпер моляцца вернікі Будслава, святары канцэлебравалі святую Эўхарыстыю.
Пілігрымы-байкеры сустрэліся з пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, каб выказаць яму словы падтрымкі і сваю гатоўнасць дапамагчы. Святары таксама прывезлі ахвяраванні, якія сабралі ў сваіх парафіях 23 мая.
Нагадаем, 23 мая ва ўсіх касцёлах і парафіяльных супольнасцях Беларусі збіраліся ахвяраванні на адбудову будслаўскага касцёла.
26 мая падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па адбудове будслаўскага касцёла пасля пажару, падаў дакладную лічбу сабраных на актуальны момант сродкаў на аднаўленне Будслаўскай святыні — 491 тыс. 617 беларускіх рублёў. З іх каля 50 тыс. рублёў — ахвяраванні вернікаў, складзеныя 23 мая ў парафіях усіх дыяцэзій Беларусі.