20 мая ў базыліцы Божага Цела ў Кракаве (Польшча) дыякан Віктар Рушлевіч з Ордэну рэгулярных латэранскіх канонікаў прыняў пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, новапрэзбітэр паходзіць з парафіі Перамянення Пана ў Вавёрцы (Лідскі дэканат).
Прэзбітэрскае пасвячэнне двум дыяканам — Віктару Рушлевічу і яго сабрату — удзяліў Мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі правінцыял рэгулярных латэранскіх канонікаў кс. Дарыюш Качынскі CRL, іншыя святары і госці.
Ордэн, да якога належыць ксёндз Рушлевіч, засноўваеца на манаскім Правіле святога Аўгустына. Яго сабраты практыкуюць евангельскія цноты паслухмянасці, чыстасці і супольнага жыцця без уласнасці. Не абмяжоўваючы сваю душпастырскую дзейнасць нейкай канкрэтнай сферай, рэгулярныя канонікі адкрытыя для любой формы працы ў Касцёле.
Дэвіз ордэну, у якім заключаецца яго місія, — словы з Дзеяў Апосталаў: мець «Адно сэрца і адзін дух»: як у манаскім жыцці ў кляштарах, так і ў душпастырскім служэнні Касцёлу.
У Беларусі рэгулярныя латэранскія канонікі ўжо шмат гадоў нясуць служэнне на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Вавёрцы, адкуль паходзіць новапрэзбітэр Віктар Рушлевіч CRL. Цяпер там служыць святар, які таксама паходзіць з гэтай парафіі — ксёндз Андрэй Роўба CRL, дэкан Лідскага дэканату.