Пошук

26.05.2021 09:22   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка, Мікола Гракаў / Фота: Курыя Пінскай дыяцэзіі / Catholic.by

23 мая, у нядзелю Спаслання Духа Святога, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Баранавічы з нагоды 150-годдзя горада.

Прадастаўнік Папы Францішка ў нашай краіне цэлебраваў святую Імшу перад касцёлам Узвышэння Святога Крыжа — найстарэйшай каталіцкай святыняй, якая захавалася ў Баранавічах. У крыпце гэтага касцёла пахаваныя прадстаўнікі роду Развадоўскіх, на чыіх землях узнік і развіваўся горад, які сёння ўваходзіць у дзясятку самых вялікіх гарадоў Беларусі.

Акрамя таго, у Баранавічах знаходзіцца самая вялікая ў Пінскай дыяцэзіі каталіцкая супольнасць: у горадзе, дзе вучыўся ў гімназіі першы і адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, дзейнічаюць некалькі парафій, супольнасці кансэкраванага жыцця і катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага.

Вітаючы сабраных пры касцёле шматлікіх мясцовых вернікаў разам з іх пастырам біскупам Пінскім Аноніем Дзям’янкам, святарамі і кансэкраванымі асобамі, нунцый Ёзіч выказаў сваю радасць ад магчымасці супольнай малітвы. На пачатку літургіі біскуп Дзям’янка нагадаў пра гісторыю Касцёла ў гэтай мясцовасці.

У прамоўленай на святой Імшы гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на таямніцу дзеяння Духа Святога ў жыцці паасобных вернікаў і ўсёй супольнасці Касцёла. Іерарх нагадаў пра неабходнасць паглыблення духоўнага жыцця і раскрыцця дароў Духа Святога, якія кожны атрымлівае у святых сакрамэнтах.

Згадаўшы пра баранавіцкі катэхетычны каледж, прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што Папа Францішак, прызнаючы важнасць катэхетычнай працы ў парафіях, нядаўна апублікаваў Апостальскі ліст у форме motu proprio пад назваю Antiquum ministerium, якім устанавіў у Касцёле паслугу катэхета.

«Кожны хрысціянін праз свой хрост павінен стаць сапраўдным катэхетам, перш за ўсё для сваёй сям’і, для сваёй супольнасці, на працы, у школе, у касцёле, усюды будучы сведкам словаў Езуса», — адзначыў Апостальскі нунцый.

Ён дадаў, што першае катэхетычнае пасланне для Касцёла было атрымана ў дзень Пяцідзесятніцы. «Дух Божы — гэта тое, што яднае Касцёл і ўсіх яго членаў. У Касцёле мы ўсе розныя, але дзякуючы Духу Божаму, мы ўсе адзіныя. Дух Святы — гэта пачатак адзінства», — сцвердзіў іерарх, заклікаўшы да ўдзячнасці Богу і людзям за ўсе атрыманыя дары, у тым ліку і за спадчыну, якую мы пакліканы захаваць, узбагачаць і перадаць наступным пакаленням.

«Успамінаючы нараджэнне гэтага горада праз 150 гадоў, трэба памятаць пра ўсіх, хто спрыяў яго развіццю; памятаць перш за ўсё пра тых, хто пакутаваў і нават аддаў жыццё за росквіт гэтага горада і яго жыхароў.

Сёння ў святой Імшы мы ўспамінаем і двух пілотаў, якія тры дні таму страцілі маладое жыццё, служачы гэтаму гораду і ўсяму грамадству.

Мы молімся да Пана за іх і абяцаем працягваць іх працу па развіцці гэтага горада, каб з кожным днём Баранавічы станавіліся яшчэ прыгажэйшымі, заснаванымі на хрысціянскіх каштоўнасцях, якія забяспечваюць далейшае развіццё і росквіт», — заклікаў прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне.

Разам з ім удзельнікі святой Імшы ўзнеслі малітву падзякі за апеку Божага Провіду над жыхарамі горада на працягу яго 150-гадовай гісторыі. З нагоды юбілею Нунцый Ёзіч перадаў прадстаўнікам каталіцкай супольнасці Баранавічаў медаль гэтага года пантыфікату Папы Францішка.

Пасля заканчэння літургіі Апостальскі нунцый у суправаджэнні біскупа Дзям’янкі і святароў наведаў крыпту касцёла, дзе памаліўся за ўсіх памерлых, якія стаялі ля вытокаў горада Баранавічы.

Абноўлена 26.05.2021 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця