Пошук

13.05.2021 17:53   Паводле: Аляксандр Бурдзялёў / Catholic.by

Стан унікальнага аргану будслаўскай базылікі пасля пажару 11 мая апісвае Аляксандр Бурдзялёў, арганолаг і даследчык беларускіх арганаў.

Ён неадкладна прыбыў у Будслаў для ацэнкі стану старадаўняга інструмента і яго далейшага захавання.

Як зазначае арганны спецыяліст на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, ён не выявіў значнага пашкоджання ад пажару для будслаўскага аргану XVIII стагоддзя (21/II Nicolaus Jantzon, 1783).

«Стан аргану ад пажару моцна не змяніўся. Арган не пацярпеў ад высокай тэмпературы, упаўшае на яго вуголле было хутка патушана без развіцця загарання, крытычнага заліцця вадой важных механізмаў не выяўлена.

Разам з тым гэта не азначае адсутнасці пашкоджання ў доўгатэрміновай перспектыве (у сувязі з адсутнасцю даху касцёла).

На цяперашні момант арган (за выключэннем рэштак рэгістру Vox humana і 95% драўляных труб) застаецца ў касцёле ў неразабраным выглядзе».

Як дадае ў сваім допісе Аляксанд Бурдзялёў, яшчэ падчас ліквідацыі пажару па просьбе будслаўскага пробашча ксяндза Дзмітрыя Дубовіка распачалося абмеркаванне магчымых тэрміновых дзеянняў па мінімізацыі шкоды для аргана. Па гэтым пытанні вяліся кансультацыі з шэрагам арганолагаў з Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і Расіі.

«У выніку без агляду інструмента склалася наступнае меркаванне: ва ўмовах малой ступені заліцця і адсутнасці пагрозы абрынання скляпенняў арган не разбіраць, у адпаведнасці з аналагічнымі выпадкамі ў сусветнай практыцы», — дзеліцца Аляксандр Бурдзялёў.

Падчас пажару на хорах базылікі знаходзіўся пажарны, які з хораў тушыў бэлькі і вуголле, што праз адтуліны ў скляпеннях і купале падалі ўсярэдзіну касцёла. Гэта прывяло да значнага заліцця драўлянай падлогі вакол аргана і асновы яго корпусу.

Вада трапляла ўсярэдзіну касцёла таксама праз вентыляцыйныя адтуліны ў скляпеннях, але над арганам была нацягнута сінтэтычная тканіна, якая не давала вадзе трапіць у інструмент. Але там, дзе тканіна была прапалена тлеючым вуголлем, пэўная колькасць вады вылілася на віндладу другога мануалу.

Адразу пасля атрымання доступу ў касцёл былі зроблены наступныя дзеянні для прасушкі аргану: адкрытыя крышкі віндлад, зафіксаваныя ў адкрытым становішчы тонавыя клапаны, шляйфы пераведзены ў становішча ўключэння рэгістраў. У скляпенні былі закрытыя вентыляцыйныя адтуліны, арган накрылі плёнкай, але толькі зверху, каб не запавольваць высыханне.

«Заліццё віндлад адбылося ў тых месцах, дзе ў тканіне ўтварыліся адтуліны. Гэтае заліццё было прызнана нязначным. Дэмантаж не праводзіўся. Істотна залітыя тэхнічныя дошкі столі над мехам і верхняя крышка меху пачатку ХХ стагоддзя.

Падчас пажару з аргану былі паспешліва вынятыя ўсе драўляныя трубы і рэшткі рэгістру Vox Humana. Яны былі перанесены ў плябанію.

На наступны дзень усе зрушаныя і ўпаўшыя ад гэтага металічныя трубы былі вернуты на свае месцы. Металічныя трубы значных дадатковых пашкоджанняў не атрымалі.

У далейшым чакаецца натуральнае павольнае высыханне прамоклых дэталяў аргану. Наступныя дзеянні будуць вызначацца ў адпаведнасці з развіццём сітуацыі з усім будынкам касцёла», — піша арганолаг Аляксандр Бурдзялёў.

Абноўлена 13.05.2021 17:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа