Пошук

11.05.2021 16:23   Тэкст: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Раніцай 11 мая загарэўся дах нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. Патушыць агонь не ўдавалася на працягу некалькіх гадзін, у выніку чаго дах абрынуўся на скляпенні. Пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік у размове з Catholic.by распавёў пра некаторыя моманты здарэння.

«У 7.47 раніцы я выклікаў пажарных, потым пачалі выносіць з касцёла ўсё, што можна. Гэта заняло каля гадзіны. Некаторыя людзі, якія дапамагалі выносіць, падалі ў касцёле, бо дыму ўжо было поўна. Потым проста стаялі і глядзелі, як гарыць», — падзяліўся святар.

Як адзначыў ксёндз Дзмітрый Дубовік, прычына ўзгарання невядомая, следчы камітэт ужо распачаў справу.

Так званы «стары касцёл», які знаходзіцца за алтарнай часткай святыні, полымя не закранула, «а вось у касцёле — арган мокры, алтар мокры, мокры ўвесь жывапіс».

«Да таго ж даху няма, а значыць усё далей будзе мокнуць, — са смуткам дадаў пробашч парафіі. — Скляпенні трымаюцца. Калі жар іх не пашкодзіў, то яны павінны вытрымаць».

Па словах ксяндза Дубовіка, як толькі будзе магчыма, парафіяне збяруцца ў святыні, каб прывесці яе ў парадак пасля пажару: «Заўтра, калі нам дазволяць увайсці, то мы плануем прыбраць ваду з касцёла. Унутры поўна вуголля, поўна вады».

Святар падкрэслівае, што ў такой сітуацыі марудзіць нельга: арган і алтар чакае пільны дэмантаж для наступнай кансервацыі і далейшага аднаўлення. Таксама распачнецца супраца з праекціроўшчыкамі, якія будуць шукаць часовае рашэнне для даху.

«Калі раней рамантавалі дах, то пад нагамі былі кроквы. Цяпер пад нагамі нічога няма. Яны ў нас даўжынёй 14 метраў і 40х40 см у сячэнні. Такія дрэвы вельмі складана знайсці, зразумела, што гэта зойме вельмі шмат часу», — адзначыў пробашч будслаўскай парафіі.

На гэты момант пажарныя не спыняюць працу — пад металічным дахам, які ўпаў на скляпенне, дрэва працягвае тлець.

Нацыянальны санктуарый у Будславе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі, а значыць мае агульнанацыяальнае значэння для ўсёй Беларусі. Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Абноўлена 11.05.2021 18:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа