Пошук

07.05.2021 17:52   Тэкст: Арцём Кір’янаў / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

7 мая супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семнарыі ў Гродне малілася аб вечным жыцці для ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, першага рэктара гэтай навучальнай установы, які адышоў у вечнасць 25 гадоў таму.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ў семінарыйнай капліцы з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які сам у мінулым быў адным з наступнікаў ксяндза Станіслава Кучынскага на пасадзе рэктара гродзенскай Alma Mater.

У прамоўленым Божым слове іерарх узгадаў жыццёвы шлях легендарнага інфулата, які стаяў ля вытокаў семінарыі ў Гродне.

Лёс ксяндза Станіслава Кучынскага складаўся няпроста: прыняўшы святарскае пасвячэнне незадоўга да верасня 1939 года, малады прэзбітэр узяў на сябе ўвесь цяжар адказнасці за давераную яму вялікую парафію ў Свіры, дзе пасля ад’езду пробашча вікарый застаўся адзін. Гады вайны, ахвярнае служэнне ў парафіі ў Шэметаве пры савецкай уладзе, адраджэнне гродзенскай семінарыі — кожны крок на святарскім шляху патрабаваў ад ксяндза Станіслава Кучынскага пацвярджэння вернасці абяцанням, дадзеным пры алтары Пана падчас пасвячэння.

«Ксяндза інфулата можна назваць узорам паслухмянасці.

Ён умеў распазнаваць голас Божы ў голасе настаяцеляў, таму без ваганняў прыняў заклік тагачаснага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўзначаліць створаную ў Гродне семінарыю.

Ягоным дэвізам, з якім першы рэктар часта звяртаўся да клерыкаў, сталі словы „Не зявай!“ На ўвазе ён меў менавіта гатоўнасць заўсёды ісці далей, заўсёды быць гатовым да новых выклікаў», — падкрэсліў біскуп Юзаф Станеўскі.

За вялікія заслугі перад Касцёлам ксёндз Станіслаў Кучынскі быў удастоены годнасці інфулата. Нават у пажылым узросце ён не забываўся і пра сваіх шэметаўскіх парафіянаў, да якіх час ад часу наведваўся ў госці.

Памёр святар 8 мая 1996 года і быў пахаваны на малой радзіме, каля касцёла ў Альковічах, што на Вілейшчыне.

Памяць пра яго і сёння жыве ў сэрцах вернікаў і семінарыстаў.

Абноўлена 07.05.2021 20:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа