Пошук

04.05.2021 08:59   Паводле: Grodnensis.by

У першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень маці, калі ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзеншчыны ўзносяцца малітвы за жывых і памерлых мам з падзякай за іх неацэнны ўнёсак у грамадскае жыццё і выхаванне ў веры будучых пакаленняў.

Як паведамляецца на партале Grodnensis.by, 2 мая галоўныя ўрачыстасці Дня маці адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай на ўзгорку Надзеі ў Капцёўцы, дзе маліліся за ўсіх маці Гродзенскай дыяцэзіі.

Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых матуль узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў гэты час, калі прырода абуджаецца ад зімовага сну, а ўсё навокал набывае колеры і ззянне, мы звяртаемся сваімі сэрцамі, думкамі і ўспамінамі да самых дарагіх, самых блізкіх, самых мілых нам людзей: нашых матуль.

Біскуп казаў пра любоў мамы — адзіную ў сваім родзе, найпрыгажэйшую, найчысцейшую, найбольш бескарыслівую.

«Гэта любоў, якая ніколі не падвядзе, не пакіне, не здрадзіць. Матчына любоў — адзін з самых цудоўных дароў, якія Бог дае чалавеку», — падкрэсліў іерарх.

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, таксама Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, спазнаў цуд матчынай любові, бо Пан Бог у сваім Провідзе пастанавіў, каб Яго адзінародны Сын меў зямную Маці — Марыю, якая пад крыжам стала Маці кожнага чалавека.

«Марыя стала Маці кожнага вызнаўцы Хрыста; кожнага чалавека, які належыць да супольнасці Яго вучняў», — сказаў біскуп, адзначыўшы, што ніхто з нас, хрысціянаў, не можа адчуваць сябе сіратой, нават калі з нейкай прычыны застаўся без мамы.

Звяртаючыся да ўсіх маці, прысутных у святыні, біскуп заахвоціў, каб кожная мама клапацілася таксама аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, аб іх несмяротнай душы.

«Што з таго, калі б такая маці дала дзіцяці нават усе скарбы свету, але не дала веры, не навучыла малітве, не прывіла прынцыпаў хрысціянскага жыцця? Бедным было б такое дзіця, бедным і нешчаслівым», — сцвердзіў іерарх.

Дзякуючы ўсім маці дыяцэзіі за прыклад веры і руплівасць у выхаванні маладых пакаленняў, біскуп Гродзенскі даручыў іх і іх сем’і Марыі, нашай нябеснай Маці і Каралеве.

У гэты дзень, цэлебруючы Імшу за ўсіх мам дыяцэзіі, біскуп прасіў добрага Бога напаўняць іх сэрцы найвялікшай радасцю — радасцю ад таго, што дзеці жывуць верай, маюць Бога ў сэрцы і ідуць праз жыццё добрай дарогай.

На заканчэнне ўрачыстасці кусташ санктуарыя на ўзгорку Надзеі ксёндз Міхал Ластоўскі выказаў удзячнасць іерарху, а таксама разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю павіншаваў яго з імянінамі.

Абноўлена 04.05.2021 09:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа