23 красавіка ў Касцёле адзначаецца ўспамін аднаго з найбольш вядомых і легендарных святых — святога Юрыя.
Гэта пацвярджаецца, між іншым, тым, што яго імя з даўніх часоў неадменна вельмі папулярнае у розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, дзе яго з гонарам носяць многія святары і біскуп Юрый Касабуцкі. Акрамя таго, у гэты дзень свае імяніны адзначае і папа Францішак — Хорхэ Марыё Бэргольё.
Сёння бліжэй пазнаёмімся з гэтым незвычайным святым, якога ўшаноўваюць ва ўсім свеце.
Паходжанне
Юрый паходзіў з Лідды — горада ў Палестыне, які ўзгадваецца ў Дзеях Апосталаў: менавіта там апостал Пётр аздаравіў паралізаванага Энэя (гл. Дз 32–34).
Пра Юрыя захавалася вельмі мала біяграфічных звестак, затое вельмі шмат сведчанняў пра ранняе паходжання яго культу ў Касцёле.
Яго бацькам, праўдападобна, быў перс Геронт. Бацькі святога доўга не мелі дзяцей, але нястомна маліліся аб патомстве, і Юрый нарадзіўся, калі тыя ўжо былі ў старэйшым узросце. У маладосці ён паступіў дабравольцам у рымскі легіён, дзе паспяхова нёс вайсковую службу і стаў афіцэрам (трыбунам).
Мучаніцтва
Падчас пераследу хрысціянаў у часы цэзара Дыяклетыяна на пачатку IV стагоддзя Юрый адмовіўся скласці ахвяру паганскім бажкам. Яшчэ раней ён ужо раздаў усю сваю маёмасць бедным.
За вернасць Хрысту Юрыю давялося зносіць цярпенні, якія, паводле некаторых крыніц, працягваліся ажно сем гадоў.
У апісанні пакутаў згадваецца, што яго прыбівалі да крыжа і катавалі на коле. Юрый прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гг.
Культ
Напэўна, Юрыю давялося знесці нечуваныя па сваёй жорсткасці катаванні, паколькі сярод мноства мучанікаў, якія аддавалі жыццё за Хрыста ў тыя цяжкія часы, яму быў нададзены тытул велікамучаніка. На Усходзе яго культ быў настолькі папулярны, што займаў першае месца пасля Найсвяцейшай Багародзіцы і святога Міхала.
Толькі ў Егіпце і на Кіпры ў яго гонар было пабудавана каля 60-і святынь, а сярод усіх касцёлаў не было, бадай што, ніводнага, дзе б не знайшлося яго абраза. У Ерузалеме з IV ст. існаваў касцёл святога Юрыя, а з VI ст. і кляштар у яго гонар. У той жа час касцёл і кляштар яго імя з’явіліся таксама ў Ерыхоне.
На Каўказе цэлая краіна на лацінскай мове атрымала назву ад яго імя — Георгія, або Грузія.
Заступніцтва
Святы Юрый з’яўляецца нябесным заступнікам Англіі, Галандыі, Германіі, Літвы і Швецыі, Віленскай і Беластоцкай архідыяцэзій, а таксама Пінскай дыяцэзі.
Касцёлы і парафіі ў гонар святога Юрыя ёсць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэта Пяршаі (Валожынскі раён), у Гродзенскай — Асава (Воранаўскі раён), Беліца (Лідскі раён), Варняны і Вялікія Свіранкі (Астравецкі раён), Новая Руда (Гродзенскі раён), у Пінскай — Паланэчка (Баранавіцкі раён) і Сваяцічы (Ляхавіцкі раён), а ў Віцебскай дыяцэзіі ёсць парафія Святой Сям’і i Св. Юрыя Велікамучаніка ў вёсцы Барсукі (Докшыцкі раён).
Святы Юрый лічыцца апекуном вайскоўцаў і ўсіх прафесій, звязаных з абаронай і бяспекай, а таксама сялянаў і скаўтаў. Яго заступніцтва просяць падчас эпідэмій і пры хваробах скуры.