16–18 красавіка праходзілі рэкалекцыі для дзяўчат на тэму «Выбар ёсць заўсёды», якія ў фармаце анлайн арганізавалі сёстры эўхарысткі.
Сястра Таццяна Гмыза SJE ужо некалькіх гадоў запар ладзіць рэкалекцыі для дзяўчат, аднак праз платформу ZOOM дні духоўнага засяроджання праводзіла ўпершыню.
Удзельніцы рэкалекцый былі з розных краін, рознага ўзросту, з рознай адукацыяй і хобі, але яднала іх супольнае жаданне паглыбіць веру, падзяліцца досведам духоўнага жыцця і знайсці адказы на свае пытанні.
Праграма рэкалекцый уключала тэматычныя разважанні, хатняе заданне, супольную малітву і нават адмысловую гульню. Сястра Люцыя Краткоўская SJE падрыхтавала медытацыю, а таксама навучыла дзяўчат новаму метаду малітвы.
Канферэнцыі прамовілі дыякан Ян Чупрынскі МІС, які казаў на тэму выбару праз прызму тэкстаў Святога Пісання, і ксёндз Аляксандр Жарнасек МІС, які, закранаючы важныя актуальныя тэмы, нагадаў, што ў кожнай сітуацыі чалавек робіць выбар сам.
На заключнай сустрэчы ўсе дзяліліся сваімі думкамі, досведам веры і натхненнем.
«Самае важнае, што застаецца ў маім сэрцы пасля гэтых сустрэч, — напамін, што для таго, каб некуды дайсці, трэба ў першую чаргу ведаць, куды ідзеш. А таксама тое, што кожны кірунак майго шляху трэба ўзгадняць з Езусам. Давяраць Яму, нават калі нешта не атрымліваецца або развальваецца, — гэта можа быць Яго дзеяннем, нягледзячы на тое, што нясе з сабою боль і пакуты. Давяраць у любой сітуацыі: Ён бачыць поўную карціну, калі я не ўсё разумею, бо ў Яго для мяне найлепшы план», — падзялілася на заканчэнне рэкалекцый Аліна з Літвы.
Больш сведчанняў — на сайце Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі