Увечары 17 сакавіка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса.
Эўхарыстыя адбылася ў 40-ю гадавіну адыходу ў вечнасць гэтага іерарха, які доўгія гады быў Апостальскім адміністратарам Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій. Стаўшы біскупам у 1926 годзе, Баляслаў Слосканс ажно да самай смерці 18 красавіка 1981 года заставаўся пастырам беларускіх католікаў, хоць арышты, зняволенне ў савецкіх і нацысцкіх лагерах і далейшае вымушанае жыццё ў эміграцыі суправаджалі ўсё яго служэнне. Гераічнае сведчанне веры і святое жыццё нязломнага біскупа стала падставаю для распачацця ў 2000 годзе яго беатыфікацыйнага працэсу.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 1989 годзе стаў наступнікам біскупа Баляслава Слосканса ў якасці Апостальскага адміністратара беларускіх католікаў, маліўся аб хутчэйшай беатыфікацыі свайго папярэдніка.
У прамоўлены падчас святой Імшы ў вігілію Трэцяй Велікоднай нядзелі Божым слове арцыпастыр нагадаў сабраным у мінскай катэдры ўдзельнікам цэлебрацыі і тым, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by, пра поўны гераічнага хрысціянскага сведчання жыццёвы шлях Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса.
Будучы пастыр нарадзіўся ў 1893 годзе ў самым каталіцкім регіёне Латвіі — Латгаліі, дзе ў Аглоне знаходзіцца славуты Марыйны санктуарый: «пабрацім» беларускага Будслава. Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў у 1917 годзе ў Петраградзе, у год бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту. Як зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, гэта стала сімвалічным, бо святарскае і біскупскае служэнне Баляслава Слосканса праходзіла ў супрацьстаянні з бязбожным савецкім рэжымам.
Душпастырскую дзейнасць ён распачаў вікарыем у касцёле святой Кацярыны ў горадзе на Няве, а пазней служыў у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве і святой Барбары ў Віцебску. У 1926 годзе быў прызначаны біскупам і Апостальскім адміністратарам Мінскай і часткі Магілёўскай дыяцэзіі, якая знаходзілася ў межах акупаванай саветамі Беларусі.
У 1927 годзе біскуп Баляслаў Слосканс быў арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы і сасланы на Салаўкі. У 1930 годзе быў вызвалены і вярнуўся ў Магілёў, але менш чым праз год быў зноў арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1933 годзе яго абмянялі на савецкага шпіёна, які знаходзіўся ў Латвіі. Пасля вызвалення з савецкіх лагераў іерарх пражываў у Латвіі і быў выкладчыкам у Рыжскай духоўнай семінарыі.
У 1944 годзе быў арыштаваны нацыстамі і вывезены ў лагер для ваеннапалонных у Германіі. Пасля вайны пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Бельгію.
Там ён клапаціўся пра беларускіх эмігрантаў-католікаў як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў, аказваў духоўную і матэрыяльную падтрымку беларускім перыядычным выданням «Зніч», «Божым шляхам» і інш.
Разам з беларускім біскупам усходняга абраду Чэславам Сіповічам Баляслаў Слосканс браў удзел у Другім Ватыканскім Саборы. Памёр у Бельгіі 18 красавіка 1981 года. Пазней яго парэшткі былі перавезены ў Латвію і перапахаваны ў Аглонскім санктуарыі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што ажно да смерці біскуп Слосканс заставаўся Апостальскім адміністратарам Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій. Такім чынам, хоць у савецкія часы ў Беларусі фізічна не было біскупа, але ён усё ж такі быў і атуляў малітваю сваю паству, якая цярпела ад атэістычнага савецкага прыгнёту.
«Гэта вельмі важна ў кантэксце адраджэння Касцёла на Беларусі, а таксама святкавання 30-годдзя аднаўлення яго іеріхічных структур. Божы Провід дазволіў мне ў 1989 годзе стаць непасрэдным наступнікам Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса праз 8 гадоў пасля яго смерці», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
«Адраджэнне Касцёла ў Беларусі — гэта таксама плён служэння, малітвы, доўгіх гадоў савецкага і нацысцкага зняволення, выгнання і мучаніцтва біскупа Баляслава Слосканса. Вельмі вымоўна ў гэтым сэнсе гучыць дэвіз яго біскупскага служэння: Hostia pro fratribus — „Ахвяра за братоў“. Будучы па паходжанні латышом, ён па пакліканні быў сапраўдным хрысціянінам, для якога няма „ні грэка, ні юдэя“, але ўсе браты ў Хрысце», — сцвердзіў арцыпастыр. Сваю гамілію ён завяршыў словамі:
«Добры Бог, які паклікаў біскупа Баляслава Слосканса да служэння беларускім католікам у складаныя часы ваяўнічага атэізму, няхай спрыяе хутчэйшай яго беатыфікацыі, каб мы мелі новага нябеснага заступніка».
На заканчэнне святой Імшы была прачытана малітва аб беатыфікацыі слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса.