Пошук

16.04.2021 16:39   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Слова з нагоды 30-годдзя
адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

«Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго»

(Мц 16, 18).

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы Езуса, з якімі Ён звярнуўся да апостала Пятра, гучаць з нашых вуснаў, калі мы адзначаем 30-ю гадавіну адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Яны сведчаць аб тым, што для Бога няма нічога немагчымага.

Папа Францішак у прысвечаным святому Юзафу Апостальскім лісце Patris corde — «Айцоўскім сэрцам» — кажа: «Бог можа зрабіць так, што кветкі пачнуць прарастаць сярод скалаў» (РС 4). І сапраўды, 30 гадоў таму са скалаў атэістычнага рэжыму ў адраджаючымся Касцёле ў нашай Айчыне пачалі прарастаць кветкі Божай ласкі.

2. Хрысціянства ў нашу краіну прыйшло ў ІХ стагоддзі. Ад самога пачатку яно прысутнічала на нашых землях у дзвюх традыцыях — лацінскай і ўсходняй. У 1839 годзе аб’яднаня дзякуючы Берасцейскай Уніі 1596 года Грэка-каталіцкая Царква была забаронена царскімі ўладамі. Лацінскі абрад таксама цярпеў ад цяжкіх ганенняў.

Нягледзячы на гэта, на тэрыторыі сучаснай Беларусі працягвалі дзейнічаць Магілёўская архідыяцэзія і Мінская дыяцэзія. Заходняя частка краіны належала да Віленскай дыяцэзіі.

3. У выніку распачатых пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года ганенняў Магілёўская архідыяцэзія і Мінская дыяцэзія засталіся без пастыраў. Магілёўскі мітрапаліт Эдвард фон Роп быў арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1919 годзе і асуджаны на смеротнае пакаранне. Дзякуючы ўмяшальніцтву святога Пасаду ў 1920 годзе смяротнае пакаранне было адменена і іерарх быў дэпартаваны ў Польшчу. Біскуп Мінскі слуга Божы Зыгмунт Лазінскі быў арыштаваны ў 1920 годзе і ў 1921 годзе атрымаў дазвол на выезд у Польшчу.

У той жа час, тая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі, якая ў выніку Рыжскай мірнай дамовы знаходзілася ў межах Польшчы, не засталася без біскупскай апекі. Заснаваная ў 1925 годзе Віленская Мітраполія з Пінскай і Ломжынскай суфраганнымі дыяцэціямі часткова знаходзілася на гэтых тэрыторыях. Між іншым, біскуп Зыгмунт Лазінскі быў прызначаны першым пастырам Пінскай дыяцэзіі.

Пасля Другой сусветнай вайны цэнтры Віленскай архідыяцэзіі і Ломжынскай дыяцэзіі аказаліся за межамі Беларусі, што абмяжоўвала кантакты іерархаў са святарамі і вернікамі. Такім чынам Касцёл у заходняй частцы Беларусі таксама застаўся без іерархіі, падобна таму, як перад гэтым на ўсходзе.

4. Палітыка ваяўнічага атэізму імкнулася з хрысціянскай Беларусі ўчыніць духоўную пустыню. Касцёл у нашай Айчыне перажыў сапраўдную Галгофу. Не было біскупаў, колькасць святароў і кансэкраваных асобаў змяншалася з кожным днём. Шмат іх было саслана ў Сібір, на Далёкі Усход, Магадан, Калыму, у Казахстан і іншыя дальнія месцы. Нямала іх там загінула. Некаторыя вымушана выехалі замяжу. Цярпелі таксама і свецкія вернікі.

Касцёлы, кляштары і малітоўныя дамы закрываліся і руйнаваліся, іх выкарыстоўвалі пад фабрыкі, спартовыя залы, кінатэатры і г.д. Не было семінарыі, каталіцкіх СМІ і выдавецтваў. Катэхізацыя была забаронена. Дзеці не маглі браць удзел у набажэнствах без суправаджэння дарослых, а потым і адны і другія мелі з-за гэтага вялікія клопаты ў школе і на працы.

Веруючы ў СССР быў грамадзянінам другога сорту. Яму было складана паступіць ва ўніверсітэт і яго скончыць, атрымаыць добрую працу і г.д. Дзейнасць нешматлікіх касцёлаў была абмежавана яго сценамі. Не магло быць ніякай мовы пра рэалізацыю сацыяльнага вучэння Касцёла і арганізацыю дабрачыннай дзейнасці.

5. Здавалася, што атэісты дасягнулі сваёй мэты: Касцёл хутка перастане існаваць і стане набыткам гісторыі. Сапраўды, з аднаго боку, у выніку палітыкі ваяўнічага атэізму Касцёл вельмі моцна пацярпеў, але не знік. Нешматлікія святары «дваіліся» і «траіліся», каб ва ўмовах жорсткіх абмежаванняў духоўна суправаджаць вернікаў.

Вялікай дапамогай быў Касцёл у Літве і Латвіі: з гэтымі рэспублікамі ў савецкія часы не было межыў. Хоць і там Касцёл таксама цярпеў ад ганенняў, тым не менш меў значна больш магчымасцяў для сваёй дзейнасці, чым карысталіся і беларускія вернікі.

Аднак галоўны цяжар у захаванні веры і перадачы яе маладому пакаленню ўзялі на сябе нашыя бабулі і дзядулі, і таксама бацькі. На простых малітвах, літаніях, Ружанцы, Вяночку да Божай міласэрнасці, малітве Крыжовага шляху і т.п. яны сталі народнымі евангелізатарамі і катэхетамі. Сёння мы павіны дзякаваць ім, маліцца за адышоўшых да Бога і прасіць здароў’я і благаслаўлення жывым. Яны сапраўдныя вялікія героі веры і хрысціянскай традыцыі. Ім трэба будаваць помнікі: калі не матэрыяльныя, то духоўныя.

6. У тыя складаныя часы надзеяй Касцёла было прароцтва Божай Маці Фацімскай. У трагічным 1917 годзе, калі атэістычны рэжым прабіваў сабе дарогу на нашую хрысціянскую зямлю, Марыя заклікала да малітвы і навяртання як леку ад надыходзячай пагрозы. Прадказваючы пераслед Касцёла, словамі: «Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе, і вера на гэтых землях адродзіцца», — Яна дала надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Народы Беларусі і былога Савецкага Саюза жылі гэтай надзеяй і чакалі, калі яна ажыццявіцца. Як Езус уваскрос на трэці дзень, таксама і змучаная атэізмам зямля пасля трох пакаленняў ганенняў пачала ўваскрасаць да новага жыцця.

У гэтым працэсе асаблівая роля належыць вялікаму прыхільніку фацімскага прароцтва святому Яну Паўлу ІІ. У гаміліі на пачатку свайго пантыфікату 22 кастрычніка 1978 года ён сказаў словы, якія ўзрушылі ўвесь свет, а асабліва вернікаў былога Савецкага Саюза: «Не бойцеся, адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту. Для Яго збаўчай улады адчыніце межы дзяржаваў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што носіць у сабе чалавек. Ён адзін гэта ведае! Сёння часта чалавек не ведае, што схавана ўнутры яго, у глыбіні яго душы і сэрца. Ён так часта не ўпэўнены ў сэнсе жыцця на гэтай зямлі і ахоплены сумненнем, якое змяняецца роспаччу. Таму дазвольце, прашу Вас, малю Вас з пакораю і даверам! Дазвольце Хрысту прамаўляць да чалавека! У Яго аднаго ёсць словы жыцця, так, жыцця вечнага».

Мы тады пыталіся адзін аднаго, калі дзверы нашай краіны адчыняцца Езусу? Калі Яму будзе дазволена прамаўляць да чалавека? Гэта здавалася немагчымым. Аднак гісторыя паказала, што немагчымае чалавеку становіцца магчымым Богу.

Калі многія апусцілі рукі і здавалася, пагадзіліся з безнадзейнай сітуацыяй, святы Ян Павел ІІ рабіў усё магчымае і па-чалавечы немагчымае для таго, каб вернікі былога Савецкага Саюзу атрымалі свабоду веравызнання. Ён верыў у фацімскае прароцтва аб навяртанні нашых земляў. 25 сакавіка 1984 года ён зноў прысвяціў увесь свет і такім чынам таксама Расію Беззагаганнму Сэрцу Марыі, як Яна прасіла ў Фаціме.

І сапраўды, пасля гэтага распачаўся працэсс перабудовы і гласнасці, які аказаў свой пазітыўны ўплыў на атрыманне свабоды веравызнання і адраджэнне Касцёла.

7. Божы Провід дазволіў мне быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам працэсу адраджэння касцёльных структур і веры ў Беларусі і Расіі. У 1989 годзе я быў прызначаны біскупам Мінскім і Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Гэта быў знак таго, што ў Беларусі распачалася вясна адраджэння веры і Касцёла.

Вядома, што Апостальская Адміністратура — гэта часовая структура. Яна ствараецца перадусім для таго, каб паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Праз некаторы час стала відавочна, што Касцёл, які вытрымаў выпрабаванне атэістычным рэжымам, адраджаецца дынамічна. Скрытая падчас ганенняў вера выйшла наверх і стала яўнай. Развіваліся евангелізацыя, катэхізацыя і дабрачыннасць. У Гродне была зснавана Вышэйшая духоўная семінарыя і катэхетычныя курсы. Адрадзілася дабрачынная дзейнасць. Касцёл стаў адыгрываць усё большую роль у жыцці беларускага грамадства, якое ў той час перажывала перыяд трансфармацыі, які завяршыўся здабыццём незалежнасці.

8. Зважаючы на ўсё гэта, святы Ян Павел ІІ прыняў своечасовае і неабходнае для далейшага паспяховара адраджэння і развіцця Касцёла рашэнне. У фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года ён заснаваў Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў, Гродзенская дыяцэзія на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і Пінская на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай вобласцяў.

У той жа дзень былі прызначаны біскупы для гэтых новаствораных іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі і адначасова Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Казімір Свёнтэк, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандар Кашкевіч.

Пачала адраджацца і Грэка-Каталіцкая Царква, якую з 1993 года ўзначальвае Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек.

Такім чынам быў закладзены кананічны падмурак для нармальнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.

У 1999 годзе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была выдзелена Віцебская дыцяэзія ў межах Віцебскай вобласці і прызначаны біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.

9. Адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла стварыла новыя магчымасці і дало новы імпульс для яго развіцця і ўмацавання яго пазіцыі ў грамадстве. Спрыяла яно таксама і развіццю адносін з Праваслаўнай Царквой і іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі і нехрысціянскімі рэлігіямі.

Сёння Касцёл у Беларусі сапраўды можа ганарыцца добрымі і братэрскімі адносінамі з імі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, што надзвычай важна. Такія адносіны даюць новыя магчымасці для адказу на небяспечныя выклікі часу, прадусім для абароны сям’і, Божага дару жыцця, хрысціянскіх маральных каштоўнасяў і г.д., а таксама ўкаранення прынцыпаў здаровага сацыяльнага вучэння ў нашым грамадстве. Толькі разам мы можам эфектыўна супрацьстаяць шматлікім паталогіям сучаснасці, прычынай якіх з’яўляецца адыход ад Бога.

Папа Бэнэдыкт XVI у кнізе «Соль зямлі» кажа, што вера дорыць радасць. Калі Бога няма, свет становіцца бесчалавечым, і ўсё выклікае сум і незадаволенасць. Сёння лёгка ўбачыць, як свет без Бога ўсё больш паглынае самога сябе і як становіцца цалкам бязрадасным. Радасць зыходзіць з таго, што існуе Божая любоў, і гэта галоўнае пасланне веры.

10. Паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл — гэта сакрамэнт паўсюднага збаўлення (пар. LG 9. 48). А Хрыстус сказаў, што той «Хто паверць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16). Евангелізуючы, Касцёл вядзе чалавека да сустрэчы з Езусам. Катэхізуючы — да пазнання праўдаў веры. Абвяшчаючы Божае слова і сваё вучэнне, цэлебруючы сакрамэнты і здзяйсняючы ўчынкі міласэрнасці — да умацавання нашай веры і хрысыціянскага сведчання.

За 30 гадоў Касцёл на нашай зямлі прайшоў значны шлях у сваім развіцці, адраджэнні і станаўленні як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

За гэты час колькасць парафій, якіх тады было ўжо толькі каля сотні, павялічылася ў пяць разоў, а колькасць святароў, якіх заставалася каля 60, вырасла амаль у дзесяць разоў! Быў пабудаваны 131 новы касцёл. Падрыхтавана вялікая колькасць свецкіх катэхетаў.

Перакладзены на беларускую мову і выдадзены многія літургічныя кнігі, а таксама асноўныя дакументы Касцёла, у тым ліку Другога Ватыканскага Сабору, папскія энцыклікі, апостальскаія адгартацыі і лісты Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка, Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Падрыхтаваны і выдадзены падручнікі па катэхезе для ўсіх класаў.

Арганізавана душпастырства сем’яў, моладзі і пакліканняў. Дынамічна дзейнічаюць розныя манаскія супольнасці і касцёлныя рухі. Вялікую дапамогу патрабуючым аказваюць нацыянальная, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя дабрачынныя каталіцкія таварыствы Caritas. Каталіцкія СМІ набылі папулярнасць у нашым грамадстве і паспяхова выкарыстоўваюцца ў працэсе евангелізацыі, катэхізацыі, а таксама для падтрымкі і ўмацавання веры.

Выдавецкая дзейнасць скіравана на забеспячэнне вернікаў малітоўнай, релігійнай, гістарычнай, культурнай і асветніцкай літаратурай. Дзякуючы электронным сродкам камунікацыі ва ўмовах пандэміі каранавірусу вернікі могуць віртуальна яднацца з молячыміся ў касцёлах і прымаць духоўную святую Камунію. Дапамагаюць яны і ў арганізацыі дыстанцыйнай формы катэхізацыі дзяцей, а таксама арганізацыі канферэнцый і розных сустрэч, у тым ліку малітоўных. Дзякуючы добра развітым СМІ Касцёл на Беларусі ў гэты складаны час паднэміі каранавірусу набыў новы вопыт, які можна назваць online- або Zoom-пастырствам і дзейнасцю, што з’яўляецца адказам на выклікі часу.

11. Аднак нельга спыняцца на дасягнутым. Лацінскі выраз кажа: Qui non progredit, regredit — «Хто не развіваецца, той дэградуе». Таму сёння, адзначючы Юбілей 30-годдзя адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне, неабходна зрабіць рахунак сумлення з нашай дзейнасці. Каб выявіць недахопы, неабходна сумленна даць адказ на пытанне: ці мы выкарысталі дадзеныя нам Божым Провідам мінулыя 30 гадоў належным чынам?

Не трэба баяцца крытычна падысці да нашых касцёльных спраў з мэтай вырашэння праблем і ўдаскналення дзейнасці ў абставінах нарастаючай секулярызацыі. Перадусім гэта адносіцца да агульнага душпастырства, да пастырства сем’яў, моладзі і паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця, да евангелізацыі і катэхізацыі, да арганізацыі дабрачыннасці, асабліва на парафіяльным узроўні, і г.д.

У той жа час неабходна рацыянальна падйсці да праблемы стварэння новых парафіяльных структур і іх функцыянавання ў будучыні у сувязі са зменамі ў дэмаграфічнай сітуацыі, выкліканымі міграцыяй насельніцтва з вескі ў гарады.

Выкарыстоўваючы сацыяльнае вучэнне, Касцёл таксама павінен дапамагаць у вырашэнні актуальных праблем грамадства.

Сапраўдным Vademecum — дарожнай картай у нашыя часы для вырашэння надзённых праблем сучаснасці з’яўляецца апошняя сацыяльная энцыкліка папы Францішка Fratelli tutti — «Усе браты». Папа піша: «У сучасным свеце пачуццё прыналежнасці да адной і той жа чалавечай супольнасці слабне, і мара пра пабудову справядлівасці і спакою выглядае ўтопіяй з іншай эпохі. Мы бачым абыякавасць камфорту, халодную і глабалізаваную, якая нараджаецца з глыбокага расчаравання, што крыецца за падманлівай ілюзіяй: у веры, што мы можам быць усемагутнымі, забываючы аб тым, што ўсе мы знаходзімся ў адным чоўне. <…> Ізаляцыя і замкнёнасць у сабе ці ў коле сваіх спраў ніколі не стануць шляхам абуджэння надзеі і аднаўлення, ім стануць толькі блізкасць, культура сустрэчы. Ізаляція — не; блізкасць — так. Культура канфлікту — не; культура сустрэчы — так» (FT 30).

Гэтыя словы Святога Айца заклікаюць нас замест культуры канфлікту, якая ўсё часцей праяўляецца ў свеце, будаваць культуру сустрэчы. Калі людзі сустракаюцца паміж сабой, то шукаюць шляхі вырашэння праблем. Мы пакліканыя будаваць цывілізацыю жыцця, любові і супакою. А гэта магчыма толькі шляхам дыялогу, салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці, ўзаемапавагі, пачуцця адказнасці за ўвесь народ і яго дабрабыт і т.п.

У сувязі з гэтым Папа кажа, што «кожны з нас з’яўляецца ў поўні асобай, калі з’яўляецца часткай народа; у той жа час няма сапраўднага народа без павагі да кожнага асобнага чалавека» (FT 182). Ён таксама заўважае, што «ў адрозненне ад непаразуменняў і канфліктаў, трывалы і адважны дыялог не становіцца навіной, але ціха дапамагае свету жыць значна лепей, чым мы сабе ўяўляем (FT 198).

Вялікія тэрыторыі існуючых дыяцэзій з’яўляюцца сур’ёзным выклікам для ўдасканалення дзейнасці Касцёла, што ставіць пытанне аб рэарганізацыі яго кананічных структур. Чакае свайго вырашэння і праблема адсутнасці адмысловай іерархічнай структуры Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Таксама Касцёл у Беларусі з надзеяй спадзяецца на падпісанне дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам, якая дала б большыя магчымасці ў рэалізацыі яго місіі на карысць усяму беларускаму грамадству.

12. Дарагія браты і сёстры!

Нягледзячы на існуючыя праблемы і ўсведамляючы неабходнасць іх хутчэйшага вырашэння, беларускі Касцёл разам з Марыяй, якая прадказала яго адраджэнне, радасна спявае Te Deum — «Цябе, Бога праслаўляем» за вялікія справы, якія Бог учыніў нам.

30-годдзе адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мы адзначаем у абвешчаны Папам Францішкам адмысловы Год святога Юзафа — нябеснага Апекуна Касцёла .

Таму звяртаемся да Цябе, Марыя, Каралева Беларусі, і да цябе, святы Юзэфе, апякуне Касцёла, у новыя часы выпрабаванняў, будзьце з нашым Касцёлам і ахінайце яго мацярынскай і бацькоўскай апекай.

Касцёл на Беларусі, ты распачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Няхай яна будзе напоўнена новай надзеяй, а заступніцтва Марыі і святога Юзафа няхай спадарожнічае табе на тваіх шляхах і выпрошвае ў Бога патрэбныя ласкі і благаслаўленне, каб быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення.

З малітвай,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мінск, 11 красавіка 2021 г., Нядзеля Божай Міласэрнасці

Абноўлена 16.04.2021 16:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.