Пошук

02.04.2021 13:58   Тэкст: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

У сераду 31 сакавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святую Імшу Хрызма, у якой узялі ўдзел дэканы і некаторыя святары.

Пра падзею паведамляе партал Catholicnews.by.

«Гэтай Эўхарыстыяй мы дзякуем Богу за дар святарства — Хрыстовага святарства, у якім кожны з нас мае ўдзел у адпаведнасці са сваім станам: як свецкія, так і святары, бо кожны мае свае заданне», — падкрэсліў пастыр на пачатку літургіі.

Урачыстую Эўхарыстыю біскуп Алег цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, перадусім за святароў, братоў і сясцёр законных: тых, хто на заклік Езуса ісці за Ім адказаў «так».

У сваім слове, скіраваным да духоўных асоб, біскуп Буткевіч разважаў над веліччу багацця Божай ласкі, шчодра ўдзеленай чалавеку, якая выўляецца ў знаку асвячэння алею Хрызма і благаслаўлення алею хворых.

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі даў некалькі парад святарам, каб з вучня Хрыстовага не ператварыцца ў функцыянера, які будзе выконваць сваё служэнне толькі як нейкую павіннасць. Сярод сродкаў, якія, паводле біскупа, дапамогуць пазбегнуць гэтай небяспекі, былі названы вяртанне да асабістай малітвы, братэрская падтрымка адзін аднаго, адзінства прэзбітэрыя ў лучнасці з Настаўнікам і Збаўцам Хрыстом і малітва Касцёла. Іерарх вызначыў як заданне для пробашчаў, «каб касцёлы не былі проста ўпрыгожваннем нашых гарадоў і вёсак, а даступным месцам малітвы для кожнага ахвотнага.

«Касцёл не павінен быць недаступным бастыёнам, але гасцінным прытулкам. Сёння касцёл павінен быць месцам, дзе чалавек сустракае Хрыста, а не месцам, дзе Яго хаваюць ад чалавека», — падкрэсліў біскуп.

Падчас цэлебрацыі святары аднавілі свае абяцанне вернасці святарскаму служэнню. Гэта адбылося ў форме ўрачыстага дыялогу духавенства з біскупам, які запытаўся ў прысутных святароў, ці гатовыя яны ісці следам за Хрыстом і адказна выконваць сваю пастырскую місію.

 

 

Абноўлена 02.04.2021 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа