1 красавіка, у Вялікі чацвер, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец узначаліў цэлебрацыю Імшы вячэры Пана ў мінскай архікатэдры.
У Вялікі чацвер, як падкрэсліў іерарх, распачалася кульмінацыя драматычных падзей, якія прывялі Хрыста да крыжовай ахвяры: здрада Юды Іскарыёта, поўная ўнутранага змагання малітва Езуса ў садзе Аліўным, арышт Хрыста, здрада Пятра, абвінавачванне Сінедрыёнам і выдача Месіі ў рукі Пілата.
Біскуп таксама нагадаў, што Вялікі чацвер з'яўляецца днём устанаўлення Эўхарыстыі, і заклікаў не забываць, што на святой Імшы мы як ніколі адчуваем сябе Касцёлам — вялікай сям’ёй верных.