Пошук

01.04.2021 00:28   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У Вялікую сераду 31 сакавіка на цвінтары касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло набажэнства Крыжовага шляху з удзелам вернікаў розных каталіцкіх парафій сталіцы.

Да іх далучыўся таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які распачаў і завяршыў набажэнства.

У разважаннях стацый Крыжовага шляху былі знітаваны ў адно дарога Хрыста на Галготу і жыццёвы шлях маладой жанчыны, поўны балючых ранаў, падзенняў і безнадзейнасці.

Дасведчаныя ёй цярпенні, якія сталі трагічным наступствам непрымання і адкінутасці ў дзяцінстве і юнацтве, тым не менш наблізілі яе да Хрыста, дазволілі адчуць Яго любоў і ў гэтым жыццядайным струмені загаіць балючыя раны ад шматлікіх цвікоў, забітых у яе душу і сэрца блізкімі людзьмі.

Падобна да таго, як гераіня разважанняў атрымала ацаленне ў крыжовай ахвяры Збаўцы, арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў суайчыннікаў толькі ў Хрысце шукаць збаўлення і выйсця з сацыяльна-палітычнага крызісу, які ўжо шмат месяцаў перажывае краіна.

«Беларусь, не бойся крыжа!» — гэтымі словамі іерарха завяршылася агульнагарадское набажэнства Крыжовага шляху, пасля чаго арцыпастыр узначалў цэлебрацыю святой Імшы ў залатагорскай святыні, у якой маліўся за народ Беларусі.

     

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі ён звярнуў асаблівую ўвагу на трагедыю Юды, які стаціў веру ў Хрыста і стаў здраднікам. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што кожны, хто чыніць грэх, здраджвае Богу і Яго бязмежнай любові, найвышэйшым доказам якой стала крыжовая ахвяра Хрыста.

Абноўлена 01.04.2021 00:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця