Пошук

31.03.2021 11:17   Тэкст: Кс. Юрый Санько / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

30 сакавіка ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены адбылося адкрыццё фотавыставы і прэзентацыя кнігі Станіслава Янчарскага «Касцёлы Беларусі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія».

Выданне прысвечана 30-годдзю адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (1991–2021). Гэта першая кніга з серыі, прысвечанай каталіцкім святыням Беларусі. Рыхтуюцца яшчэ тры выданні — па Гродзенскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях.

У цырымоніі ў Чырвоным касцёле ўзяў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад распачаццем прэзентацыі іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ў Белай зале дольнага касцёла, дзе да прысутных з кароткай прамовай звярнуўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

Як першы ў пасляваеннай гісторыі Беларусі каталіцкі біскуп, ён стаяў ля вытокаў адраджэння структур Касцёла ў нашай краіне і асабіста прычыніўся да аднаўлення мноства пабудаваных нашымі продкамі святынь.

Перад урачыстым адкрыццём выставы аўтар здымкаў фотамастак Станіслаў Янчарскі распавёў пра тое, як ствараліся яго працы. Збіраючы матэр’ялы для кнігі, аўтар праехаў 35 тысяч кіламетраў па прасторах нашай Бацькаўшчыны.

Пасля прамоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў выставу, а потым разам са Станіславам Янчарскім перарэзаў чырвоную стужку.

Фотавыстава «Касцёлы Беларусі» будзе адкрыта ў Чырвоным касцёле на працягу некалькіх месяцаў.

На экспазіцыі прадстаўлены выбраныя касцёлы Мінскай і Магілёўскай вобласці, а таксама катэдры і санктуарыі іншых дыяцэзій.

Наведаць выставу, а таксама набыць памятную кнігу «Касцёлы Беларусі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія» можна штодзённа ў Чырвоным касцёле.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця